Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта забараняюць «прапаганду бязьдзетнасьці»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гэта, вядома ж, той яшчэ цырк — беларусы і беларускі плацяць падаткі, каб чынавенства прыдумляла, як яшчэ «закручваць гайкі». І, як той казаў, было б сьмешна, калі б не было так сумна, бо чыноўнікі не лянуюцца і прыдумляюць усё новыя формы зьдзекаў. Цяпер яны хочуць увесьці адміністрацыйную адказнасьць за «прапаганду нетрадыцыйных стасункаў, пэдафіліі, добраахвотнай адмовы ад нараджэньня дзяцей».

Як звычайна, я не разумею, пра якія менавіта традыцыі ідзе гаворка і што кепскага ў добраахвотнай адмове ад нараджэньня дзяцей, калі гэта адказнае і ўзважанае рашэньне. І, дзеля справядлівасьці, як можна прапагандаваць псыхічны разлад, пры якім сэксуальнае ўзбуджэньне выклікаюць дзеці да пубэртату, я таксама не разумею. Напэўна, супрацоўнікі пракуратуры мелі на ўвазе гвалт над дзецьмі, але было б добра, калі б людзі, якія пішуць законапраекты, ведалі сэнс словаў, якія яны ўжываюць. У такім выпадку якасьць жыцьця ў Беларусі істотна б павысілася.

У гэтым тэксьце я хачу сфакусавацца на адным з напісаных праз коску аспэктаў, а менавіта — на прапагандзе добраахвотнай адмовы ад нараджэньня дзяцей. У перакладзе з чынавенскай мовы на беларускую гэта значыць вось што: нельга нікому расказваць, што дзеці — гэта вялікая адказнасьць, і што да іх нараджэньня трэба ставіцца сур’ёзна, што гэта павінна быць узважаным рашэньнем.

Дзяржаве проста трэба, каб было больш новых падаткаплатнікаў. А яшчэ каб у цяперашніх дарослых было менш часу на грамадзкую ці тым больш палітычную дзейнасьць. Ім трэба зрабіць так, каб людзі «не цікавіліся» палітыкай, каб яны не аб’ядноўваліся ў нейкія суполкі, каб ня ўздумалі нават займацца раённым, дваровым ці гарадзкім самакіраваньнем. А як гэта прасьцей і бясьпечней за ўсё зрабіць? Правільна, загрузіць людзей іншымі, больш прыземленымі клопатамі.

Гэта піраміда Маслаў у дзеяньні — спачатку трэба забясьпечыць базавыя патрэбы, а потым можна рухацца да больш высокіх матэрый. Спачатку — накарміць і апрануць дзяцей (і чым іх больш, тым дзяржаве лепей), а потым ужо думаць пра грамадзянскія правы і свабоды.

І, вядома ж, дзяржава будзе расказваць байкі пра тое, што яна клапоціцца пра традыцыі і дабрабыт, але ж гэтыя байкі нельга ўспрымаць сур’ёзна. У цяперашнім сьвеце ў бяднейшых краінах з горшым ня тое што ўзроўнем, а доступам да базавай адукацыі нараджаюць больш, а ў разьвітых і багатых краінах — менш. Безумоўна, бываюць выключэньні, але тэндэнцыя менавіта такая.

Але цяперашнім уладам у Беларусі ня трэба, каб у людзей быў лепшы дабрабыт. Ім трэба, каб людзі ня мелі часу, сілы і веры ў сябе для пераменаў. Таму яны не прапагандуюць вышэйшую адукацыю так жа адчайна, як ідэю так званай традыцыйнай сям’і, дзе абавязкова павінны быць дзеці.

І як жа цынічна гэта выглядае на фоне нядаўніх навінаў пра дзетазабойствы, дзе, як мяркуецца, злачынства ўчынілі самі маці. Але такія гісторыі для дзяржавы — гэта адзінкавыя выпадкі, зь якіх яны ўпарта адмаўляюцца рабіць адэкватныя высновы. Лепш забараніць людзям расказваць, што жыць можна і безь дзяцей.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG