Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі падрыхтавалі законапраект аб адказнасьці за «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносін». Раней падобны ўвялі ў Расеі


Андрэй Швед
Андрэй Швед

Таксама ў законапраекце напісана пра адказнасьць за «добраахвотную адмову нараджаць дзяцей».

Новы закон, калі яго прымуць і зацьвердзяць, будзе прадугледжваць адміністрацыйную адказнасьць, сказаў генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед. Ягоныя словы перадаюць дзяржаўныя мэдыі.

«З ініцыятывы органаў пракуратуры падрыхтаваны законапраект, які будзе вызначаць адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду ненармальных адносін, пэдафіліі, добраахвотнай адмовы ад нараджэньня дзяцей. Гэты праект цяпер праходзіць працэдуру ўзгадненьня», — сказаў Швед.

З ініцыятывы пракуратуры таксама прыняты «пэўныя рашэньні» ў захадах мэдыцынскага характару да тых асоб, якія гвалцілі дзяцей.

Акрамя таго, кожны факт суіцыду, кожны факт гібелі непаўналетніх знаходзіцца на кантролі органаў пракуратуры, запэўніў Андрэй Швед.

Начальніца ўпраўленьня інфармацыі Генпракуратуры Анжаліка Курчак у чэрвені 2023 патлумачыла намеры ўлады змагацца з асобамі, якія жадаюць добраахвотна адмовіцца ад нараджэньня дзяцей:

«Усе гэтыя плыні чайлдфры — гэта праявы новай дэмакратыі. Мы разумеем, што ідзе актыўная прапаганда каштоўнасьцяў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю сямейных адносінаў, накіраваныя на аднаполыя шлюбы. Усё гэта нясе пагрозу нашай нацыянальнай бясьпецы, дэмаграфічнай палітыцы».

Пры гэтым спэцыялісты ў гэтай галіне адзначаюць, што асноўны чыньнік, які стрымлівае пары ад нараджэньня дзяцей, зусім не існаваньне нейкіх рухаў, а найперш эканамічны. Адпаведна, нараджальнасьці спрыяе рэальная стабільнасьць у краіне, эканамічная падтрымка семʼяў і жанчын, сацыяльная падтрымка дзяцей і даступныя ясьлі і садкі.

  • У Беларусі прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасьці нярэдка трапляюць пад перасьлед.
  • Улетку 2023 году Генпракуратура Беларусі нават выступіла з ініцыятывай вызначыць адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду ЛГБТ, зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры, паставіўшы гэтыя зьявы ў адзін шэраг.
  • Праваабарончыя і іншыя арганізацыі падпісалі сумесную заяву з патрабаваньнем прытрымлівацца міжнародных абавязаньняў Беларусі ў сфэры сэксуальных і рэпрадуктыўных правоў.

Закон пра «традыцыйныя расейскія каштоўнасьці»

У лістападзе 2022 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зацьвердзіў «Асновы дзяржаўнай палітыкі ў захаваньні і ўмацаваньні расейскіх традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасьцяў». У пералік традыцыйных каштоўнасьцяў увайшлі: жыцьцё, годнасьць, правы і свабоды чалавека, патрыятызм, служэньне Айчыне, высокія маральныя ідэалы, моцная сям’я, стваральная праца і прыярытэт духоўнага над матэрыяльным.

Пагрозу традыцыйным каштоўнасьцям, згодна з дакумэнтам, нясе дзейнасьць экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў, асобных СМІ, дзеяньні ЗША і іншых недружалюбных дзяржаваў, а таксама некаторых арганізацыяў і асобаў на тэрыторыі Расеі.

Канкрэтна разбуральнымі для традыцыйных каштоўнасьцяў абвясьцілі культываваньне эгаізму і амаральнасьці, адмаўленьне ідэалаў патрыятызму, натуральнага працягу жыцьця, каштоўнасьці моцнай сямʼі, шлюбу як саюзу мужчыны і жанчыны, шматдзетнасьці, адмаўленьне пазытыўнага ўкладу Расеі ў сусьветную гісторыю і культуру.

«Традыцыйныя каштоўнасьці» часта згадваюцца ў прамовах расейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. На думку многіх юрыстаў, гэтае паняцьце занадта расплывістае. Часьцей за ўсё ў зьвязку зь ім гаворыцца аб патрыятызьме (без удакладненьня, што гэта), неабходнасьці супрацьстаяць «уплыву Захаду» (без удакладненьня), максымальнай забароне згадваньня ЛГБТ+ і яго актывістаў.

Вярхоўны суд Расеі 30 лістапада 2023 году прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» неіснуючы «міжнародны грамадзкі рух ЛГБТ» і забараніў яго дзейнасьць на тэрыторыі Расеі. Пазоў у суд падало Міністэрства юстыцыі РФ, якое палічыла, што ў дзейнасьці «руху» выяўлены «розныя прыкметы і праявы экстрэмісцкай накіраванасьці, у тым ліку распальваньне сацыяльнай і рэлігійнай варожасьці».

У лютым 2024 году Ленінскі раённы суд Саратава прызначыў жыхарцы Саратаўскай вобласьці Іне Мосінай штраф у памеры 1500 рублёў (прыкладна 16 даляраў у эквіваленце) у справе аб «дэманстрацыі сымболікі экстрэмісцкай арганізацыі» (частка 1 артыкула 20.3 КаАП РФ) за апублікаванае ў сацсетках фота зь вясёлкавымі сьцягамі.

Мосіна стала першай, на каго завялі справу, але ў Расеі ўжо трох чалавек, уключаючы саратаўчанку, абвінавацілі ў «дэманстрацыі сымболікі экстрэмісцкай арганізацыі»: у Валгаградзкай вобласьці аштрафавалі мужчыну за разьмешчаны ў сеціве сьцяга ЛГБТ, а ў Ніжнім Ноўгарадзе на 5 дзён арыштавалі дзяўчыну за нашэньне завушніц зь вясёлкай.

Абмежаваньне правоў ЛГБТ-асоб у Вугоршчыне

У 2021 годзе ў Вугоршчыне, якой кіруе кансэрватыўны аўтарытарны прэм'ер-міністар Віктар Орбан прынялі закон, які абмяжоўвае правы ЛГБТ. Закон, у прыватнасьці, забараняе выкарыстоўваць у навучальных праграмах для непаўналетніх матэрыялы, якія могуць разглядацца як «прапаганда ЛГБТ».

Лідэры 17 з 27 краінаў ЭЗ у тым годзе падпісалі дакумэнт з заклікам да Будапэшту скасаваць закон і выконваць правы чалавека, у тым ліку прадстаўнікоў ЛГБТ. Не падтрымалі гэты ліст Польшча і Славенія. Закон не скасавалі. У ім ёсьць прадпісаньне праводзіць «адукацыю ў адпаведнасьці з каштоўнасьцямі, заснаванымі на канстытуцыйнай ідэнтычнасьці і хрысьціянскай культуры Вугоршчыны».

У ліпені 2021 году Эўразьвяз пачаў неадкладны судовы працэс супраць закону, у той час у самой Вугоршчыне абвясьцілі рэфэрэндум. Эўракамісія заблякавала выплату Вугоршчыне некалькіх мільярдаў эўра. Рэфэрэндум адбыўся 3 красавіка 2022 году, адначасова з выбарамі ў парлямэнт. Аднак яго прызналі несапраўдным, бо ён не прайшоў 50% яўку.

У красавіку 2023 году аднапалатны парлямэнт краіны прыняў законапраект, які заахвочвае грамадзян паведамляць пра аднаполыя пары, якія выхоўваюць дзяцей, дзяржаўным органам, такім як паліцыя і служба аховы дзяцей. Прэзыдэнтка Вугоршчыны Каталін Новак, аднак, наклала вэта на законапраект, што фармальна не дазволіла яму стаць законам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG