Першымі пра трагедыю паведамілі аршанскія суполкі ў сацыяльных сетках. Пазьней інфармацыю пацьвердзіў Сьледчы камітэт. 36-гадовую жыхарку Воршы затрымалі.
Вядома, што жанчыну завуць Ірына К. У BelPol Свабодзе паведамілі, што яна працавала (да сацыяльнага адпачынку па доглядзе за дзецьмі. — РС) прадзільшчыцай на Аршанскім ільнокамбінаце.
Яе муж быў зваршчыкам, больш за 10 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня.
У сацыяльных сетках ёсьць старонкі Ірыны К., дзе яна мае двух «сяброў» і практычна ніякай актыўнасьці.
Крыніцы Свабоды сьцьвярджаюць, што жанчына не піла алькаголь, сама выхоўвала 6 дзяцей ад розных мужчын. Апошні муж ці партнэр трапіў у лячэбна-працоўны прафілякторый.
«Яна не піла, але, мусіць, паехаў дах, раз яна такое зрабіла. Суседзі кажуць, што чулі крыкі зь яе кватэры, але іх гэта не зьдзівіла, відаць, бо там часта былі крыкі», — расказала крыніца Свабоды.
Вядома, што двое старэйшых дзяцей былі ў бабулі, яны засталіся жывымі.
«Чацьвярых яна забіла і спрабавала сама павесіцца, але ня здолела, і тады пачала рэзаць сабе вены. Так яе і затрымала міліцыя», — расказаў яшчэ адзін суразмоўца.
Паводле яго, жанчыне многія жыхары Воршы дапамагалі рэчамі, прадуктамі і адзеньнем для дзяцей. «Але яна часам паводзіла сябе дзіўна, магла выкінуць рэчы, якія ёй далі, бо ёй здавалася, што яе так сурочаць», — дадаў суразмоўца.
Іншая крыніца сьцьвярджае, што жанчына ўвогуле не пераймалася выхаваньнем дзяцей і пра іх больш дбалі сацыяльныя службы, садок і школа.
«Ну як дбалі — часта наведвалі яе, у тым ліку і міліцыя. Але яна магла і дзьверы не адчыніць, і часта не адчыняла», — дадала крыніца.
СК распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 139 («Забойства дзьвюх і больш асобаў, учыненае ў дачыненьні да малалетніх») Крымінальнага кодэксу.
Прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Валеры Талкачоў заявіў, што сям’ю раней правяралі на выкананьне сацыяльных нормаў шэсьць разоў. Апошняя праверка сацыяльнай службы выявіла, што ў доме сыстэматычна адсутнічала ежа. Праверка прайшла ў студзені, і дзяцей афіцыйна прызналі «малалетнімі асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы».