Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША анансавалі буйны пакет антырасейскіх санкцый у сувязі са сьмерцю Навальнага


Партрэт Аляксея Навальнага ў мэмарыяле яго памяці
Партрэт Аляксея Навальнага ў мэмарыяле яго памяці

Злучаныя Штаты анансавалі буйны пакет санкцыяў супраць Расеі ў сувязі са сьмерцю ў расейскай калёніі апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і двухгадовай вайной ва Ўкраіне.

Аб захадах, як чакаецца, будзе абвешчана 23 лютага, паведаміў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, размаўляючы з журналістамі падчас паездкі ў Каліфорнію. Падрабязнасьцяў Байдэн не прывёў, адзначае Reuters.

Раней аб падрыхтоўцы санкцый паведаміў прадстаўнік Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі, таксама пакуль без падрабязнасьцяў. Анансуючы меры, Кірбі падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты патрабуюць ад Расеі поўнай празрыстасьці ў тлумачэньні абставін гібелі Аляксея Навальнага ў папраўчай калёніі на Ямале.

«Якую б гісторыю ні вырашыў расказаць сьвету расейскі ўрад, відавочна, што адказнасьць за сьмерць Навальнага нясуць прэзыдэнт Пуцін і яго асяродзьдзе», — сказаў Кірбі, дадаўшы, што ў адсутнасьць дакладнага расьсьледаваньня абставін сьмерці расейскага апазыцыянэра таму, што гавораць расейскія ўлады, давяраць нельга.

Кірбі дадаў, што пасольства ЗША ў Маскве спрабуе атрымаць больш інфармацыі аб сьмерці Навальнага, перадае «Голас Амэрыкі».

Аб сьмерці Навальнага расейскія ўлады аб’явілі 16 лютага. Па іх вэрсіі, апазыцыянэр, які адбываў пакараньне ў калёніі асаблівага рэжыму «Палярны воўк», памёр удзень пасьля прагулкі. За некалькі дзён да сьмерці яго 27-ы раз адправілі ў ШЫЗА зь яшчэ больш жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня, чым у звычайных камэрах.

Прыхільнікі апазыцыйнага палітыка лічаць, што яго забілі. Родным да гэтага часу ня выдалі і не паказалі цела Навальнага. Удава Навальнага Юлія паабяцала працягваць справу мужа.

Амэрыканскі прэзыдэнт Джо Байдэн усклаў адказнасьць за гібель Навальнага на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG