Пасьля разгрому «трэцяга сэктару» і недзяржаўных СМІ беларускія ўлады ўсё актыўней пачалі прасоўваць ідэю стварэньня іншай грамадзянскай супольнасьці, а таксама «канструктыўных недзяржаўных арганізацый».
Працэс кантралюе новы адмысловы закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці», прыняты 14 лютага 2023 году. Актыўнасьць новаствораных арганізацый праяўляецца ва ўдзеле ў масавых дзяржаўных мерапрыемствах, працы камісій на выбарах ці агітацыі, удзеле ў афіцыйных дэманстрацыях з выкарыстаньнем чырвона-зялёнай сымболікі. У тым ліку ў інтэрнэце. Расказваем, што за гэта атрымліваюць ад дзяржавы афіцыйныя актывісты.
«Чырвона-зялёныя» патрыёты
«Праграму патрыятычнага выхаваньня насельніцтва» зацьвердзілі ў 2022 годзе, яшчэ да прыняцьця адпаведнага закону. Яна разьлічаная да 2025-га, аўтары заяўляюць, што стварылі яе на падставе «стратэгічных дасьледаваньняў» і статыстыкі.
Згодна з вынікамі дзяржаўных сацыяльных дасьледаваньняў, нібыта праведзеных у 2021 годзе, «больш за палову беларусаў (58,3%) назвалі сябе патрыётамі, 24,6% «не змаглі адказаць».
«Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што 17,1% апытаных ня лічаць сябе патрыётамі Беларусі», — пішуць аўтары праграмы.
Афіцыйныя сацыёлягі зрабілі выснову, што «назіраецца залежнасьць выразнасьці патрыятызму ад узросту»: старэйшае пакаленьне часьцей (на 17,4%) адносіць сябе да патрыётаў, чым маладзейшае за 25 гадоў.
Дзяржаўная сымболіка як галоўны сымбаль ідэнтычнасьці беларусаў успрымаецца ў якасьці такой пераважна прадстаўнікамі пакаленьня 65+ (52,7%). Ва ўзроставай групе да 25 гадоў яна «мае значэньне» для 35,4% апытаных. Гераічны ўнёсак беларускага народу ў «Вялікую перамогу» лічаць «прадметам нацыянальнага гонару» 44,2% удзельнікаў дасьледаваньня.
Паводле дзяржаўных сацыёлягаў, «ідэяй, якая здольная зьяднаць народ Беларусі, грамадзтва, у першую чаргу, лічыць ідэю дабрабыту: пашырэньне межаў камфорту, павышэньне якасьці жыцьця».
Падарункі, аплата праезду, адпачынкі і пуцёўкі ў санаторыі
Ільготы і заахвочваньні для «асоб з актыўнай патрыятычнай пазыцыяй» асобнымі пунктамі прапісаныя ў «Рэспубліканскім пляне мерапрыемстваў праграмы патрыятычнага выхаваньня насельніцтва».
Адзін з разьдзелаў праграмы называецца «Актуалізацыя сацыяльных ліфтаў». Дакумэнт прадугледжвае прыярытэт пры залічэньні ва ўстановы сярэдняй і вышэйшай адукацыі, а таксама пры прыёме на перападрыхтоўку ў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце для тых, хто праявіць сваю актыўнасьць. У абітурыентаў будуць «улічваць наяўнасьць актыўнай патрыятычнай пазыцыі, у тым ліку рэкамэндацый, выдадзеных кіраўнікамі канструктыўных грамадзкіх аб’яднаньняў».
Акрамя гэтага, «актыўных патрыётаў» абяцаюць уключыць у пэрспэктыўныя кадравыя рэзэрвы і рэзэрвы кіраўнікоў, таксама выбраць у склад кіроўных прафсаюзных органаў, прызначаць на штатныя прафсаюзныя пасады.
Улады абяцаюць уключыць у прававыя акты «ў якасьці дадатковай падставы» для ўзнагароджаньня граматай ці каштоўным падарункам «наяўнасьць у кандыдата актыўнай патрыятычнай пазыцыі».
Плян мерапрыемстваў «па падтрымцы асоб з актыўнай патрыятычнай пазыцыяй» прадугледжвае «першаснае прыцягненьне творчых работнікаў з актыўнай патрыятычнай пазыцыяй да значных культурных мерапрыемстваў».
Як «дадатковыя сацыяльныя гарантыі» ў дакумэнце прапісаныя «зьніжэньне кошту навучаньня для асоб з актыўнай патрыятычнай пазыцыяй, ці перавод на бюджэтную форму — пры наяўнасьці свабодных месцаў».
Прадзяржаўным актывістам таксама абяцаюць пакрываць выдаткі на праезд для ўдзелу ў зьездах ці канфэрэнцыях, даваць адпачынак без захаваньня заробку, калі дзяржаўныя мерапрыемствы адбываюцца ў працоўны час. Ім жа дзяржава абавязваецца забясьпечыць бясплатнае пражываньне, бясплатныя квіткі, абанэмэнты, пуцёўкі на аздараўленьне і адпачынак.
Конкурсы для ідэолягаў
На сталай аснове ў Беларусі праводзіцца конкурс на лепшую ідэалягічную працу. Спаборніцтвы ідуць як паміж працоўнымі калектывамі, так і індывідуальна. У Гомельскай вобласьці арганізацыі—пераможцы абласнога ідэалягічнага конкурсу атрымаюць 300 базавых велічынь (12 тысяч рублёў), за другое і трэцяе месца даюць 200 і 100 базавых велічынь.
Атрыманыя сродкі ідуць на «ўдасканаленьне ідэалягічнай працы ў калектыве», да 20% можна накіраваць на прэміяваньне яго членаў. Грошы на прэмію возьмуць з абласнога бюджэту.
Раённыя конкурсы на лепшую ідэалягічную працу маюць больш сьціплы бюджэт. Шырока практыкуюцца і конкурсы сярод лепшых «індывідуальных» ідэолягаў.
Што тычыцца заробку ідэолягаў, то ў базах вакансій па стане на сярэдзіну лютага 2024 году можна знайсьці каля 30 пазыцый. Заробак — ад 400 рублёў на палову стаўкі да амаль 3 тысяч. Першы варыянт, напрыклад, прапануюць у сярэдняй школе № 2 Слоніма. Там шукаюць намесьніка дырэктара па ідэалёгіі.
Самыя «багатыя» вакансіі для вольных пакуль ідэолягаў — у Жыткавіцкім лясгасе (2500–2700 рублёў) і Асіповіцкай дыстанцыі пуці Беларускай чыгункі (2500–2900).
«Ствараюць сыстэму «а-ля КПСС»
Экспэрт-кансультант па мясцовым самакіраваньні, дэпутатка Менскага гарсавету 28 скліканьня Вольга Цесакова ў камэнтары Свабодзе зазначыла, што наўрад ці хто «вядзецца» на такія абяцанкі. Яна сумняваецца ў існаваньні вялікай колькасьці патрыётаў у такім сэнсе, які ўкладае ў гэтае паняцьце дзяржава.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу на тое, што прапісаны ў дакумэнце «сацыяльны ліфт» добра адлюстроўвае сутнасьць справы.
«То бок тое, што прапануецца, — гэта сыстэма „а-ля КПСС“. Бо калі ты член КПСС, ты можаш і ў санаторый паехаць, і ў сходзе паўдзельнічаць, гэта для цябе ганарова. Яны ствараюць такую сыстэму, бо ня ведаюць, як па-іншаму можна ангажаваць і трымаць разам з сабой увесь гэты дзяржаўны апарат і ня толькі. Бо тут жа закранутая і тэма студэнтаў. Выстройваюць сыстэму трохі іншую, чым БРСМ. Але па сутнасьці і афармленьні прыкладна такую ж», — тлумачыць Вольга Цесакова.
Яна кажа, што ніхто ня можа абяцаць вялікіх грошай і гарантаваць усё, што абяцаюць у дакумэнце. На думку суразмоўцы, гэта больш акно магчымасьцяў — бонус і прэмія для адданых прыхільнікаў улады.
«Будзеце ўладу падтрымліваць і іх наратывы, несьці такую ж лухту — ёсьць шанец, што і вам нешта перападзе», — кажа дэпутатка.
Яна дадае, што раней выкарыстоўваўся «апарат прымусу» для тых, хто працаваў на дзяржаўнай службе.
«Цябе трымаў толькі страх, ты ня мог не паслухацца кіраўніцтва. Гэта кампэнсавалі прэміямі ці прывозілі скрынку гарэлкі, ставілі пасьля мерапрыемства. Цяпер, відаць, дзяржава ўжо зусім маргіналізавалася, таму яна спрабуе старымі мэтадамі дабіцца прыгожай карцінкі», — лічыць Вольга Цесакова.