Стваральнік і натхняльнік ТВЛ, пісьменьнік і журналіст Алесь Аркуш сёньня — госьць Радыё Свабода.
«Пісаць тады сапраўды можна было ўжо што заўгодна. А вось друкавацца — праблематычна»
— Дзеля чаго вы зь сябрамі стваралі Таварыства вольных літаратараў? На дварэ быў 1993-і, час, як сёньня ўжо можна з пэўнасьцю сказаць, даволі свабодны для літаратараў. Ні цэнзуры, ні якіх-небудзь ідэалягічных перашкод. Пішы — не хачу.
— На ютубе ёсьць відэа з устаноўчага сходу ТВЛ, і там яго ўдзельнікі тлумачаць, чаму патрэбна было ствараць асобную літаратурную арганізацыю. Пісаць тады сапраўды можна было ўжо што заўгодна. А вось друкавацца — праблематычна. Мастацкія кнігі выдавала практычна адно выдавецтва — «Мастацкая літаратура». У лепшым выпадку, калі рукапіс прымалі да друку, чакаць выданьня трэба было некалькі гадоў. А тут вакол такі вір жыцьця! І што гэта за літаратурны працэс, калі ад напісаньня да выданьня кнігі праходзіць 3-4 і больш гадоў, нават для вершаў? У той час — гэта цэлая эпоха. Да таго ж браму выдавецтва кантралявалі старэйшыя калегі. А мы тут — з постмадэрнізмам, дэкадэнцтвам і авангардам. І, што асабліва крамольна, зьмест нашых твораў досыць контравэрсійны. Дастаткова пачытаць тагачасныя вершы Юрыя Гуменюка або Ігара Сідарука.
Таму мы стваралі ня проста літаратурную суполку, а найперш сваю літаратурную інфраструктуру, патрэбную для самастойнай літаратурнай дзейнасьці — часопіс, альманах, міжнародныя тэарэтычныя літаратурныя канфэрэнцыі і нават літаратурную прэмію. Ну і ня трэба забываць, што большасьць сяброў ТВЛ — прадстаўнікі рэгіёнаў. То бок нашу дзейнасьць можна было разглядаць і як апрабацыю наладжваньня самастойнага літаратурнага жыцьця ў рэгіёнах. І, як прыклад, горадзенскі паэт Юры Гумянюк творча рэалізаваўся выключна з дапамогай тэвээлаўскай выдавецкай ініцыятывы «Полацкае ляда». Усе ягоныя арыгінальныя зборнікі выйшлі ў Полацку.
І варта яшчэ адзначыць, што, нягледзячы на агульнае крытычнае ўспрыманьне ТВЛ у традыцыйных літаратурных колах («разбуральнікі» і нават «масоны»), нямала вельмі ўплывовых беларускіх творцаў нас падтрымлівалі. Дастаткова сказаць, што праз пару гадоў дзейнасьці да нас зьвярнуўся Адам Мальдзіс і прапанаваў падрыхтаваць біяграфіі тэвээлаўцаў у новую Беларускую энцыкляпэдыю. У першым яе томе зьявілася мая біяграфія, дзе я называўся пісьменьнікам, хоць ня быў сябрам Саюзу пісьменьнікаў.
«Самым плённым часам была сярэдзіна 90-х, калі лукашэнкаўскі рэжым яшчэ ня стаў на ногі»
— Азіраючыся на 30 гадоў дзейнасьці ТВЛ, якія зь іх вы ацэньваеце як найбольш плённыя?
— Найбольш плённай была выдавецкая дзейнасьць. Мы выдалі калі 30 кніг, 11 нумароў часопіса «Калосьсе» і 6 нумароў альманаха «Ксэракс беларускі». Час ад часу я зазіраю ў гэтыя выданьні і пераконваюся, што было варта іх выдаваць.
Калі гаварыць пра час, то самы плённы, безумоўна, — гэта сярэдзіна 90-х, калі лукашэнкаўскі рэжым яшчэ ня стаў на ногі і не пачаў вынішчаць усё беларускае і незалежнае.
Упамінаю нашы міжнародныя літаратурныя канфэрэнцыі, на якія прыяжджалі госьці з Украіны і Расеі.
Напрыклад, на першую прыехаў з Харкава яшчэ зусім «зялёны» паэт Сяргей Жадан, які затым стане славутым пісьменьнікам. Празь нейкі час ён запрасіў нас у Харкаў на літаратурны фэстываль «Паэзія № 1» (2001), які ён арганізоўваў. Успамінаецца і выдатны фэстываль «Ostry nawrót dekadencji» (1997). Яго праводзіў славуты познаньскі часопіс «Час культуры», у якім затым я некалькі гадоў запар друкаваўся.
«Сіта перарэгістрацыі мы ня здолелі прайсьці»
— Калі і чаму ТВЛ перастала быць прыкметнай зьявай у беларускім літаратурным працэсе?
— Калі зьявілася крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Бо мы страцілі рэгістрацыю пасьля таго, як быў арганізаваны працэс перарэгістрацыі грамадзкіх арганізацый. Быў зьменены парадак гэтай працэдуры, і праз гэтае сіта мы ўжо ня здолелі прайсьці. Ну і паціху мы пачалі затухаць.
У нас у статуце было палажэньне, што сябра ТВЛ ня можа быць сябрам іншай літаратурнай арганізацыі. І калі такая сытуацыя паўстала, то я сказаў, што ўжо ўсім можна ўступаць у Саюз пісьменьнікаў. Але я застануся тэвээлаўцам. Па-мойму, затым усе і ўступілі, акрамя мяне. Ня памятаю, што там было з Гуменюком, але і Мудроў, і Сідарук у саюз уступілі.
Адзінае выключэньне мы зрабілі для Беларускага ПЭН-цэнтру. Многія тэвээлаўцы былі прынятыя ў ПЭН, сам Карлас Шэрман уручаў нам пасьведчаньні, падпісаныя Васілём Быкавым. ПЭН мы разглядалі як надлітаратурную структуру. І да нас, аўтараў саматужна выдадзеных зборнічкаў, не сяброў СП і не аўтараў кніг з «МЛ», у ПЭНе ставіліся паважліва і па-сяброўску.
— Як склаўся творчы і жыцьцёвы лёс актыўных тэвээлаўцаў?
— Найбольш драматычна склаўся лёс у Юрыя Гуменюка. У 2013 годзе нейкім загадкавым чынам ён выпаў зь дзявятага паверху рабочага інтэрнату. Афіцыйнае сьледзтва прызнала гэтую сьмерць самазабойствам. Але для мяне ўсё ў гэтай трагедыі па-ранейшаму выглядае вельмі падазрона. Нават калі Юра і сам шугануў з дзявятага паверху, то была, відаць, істотная прычына, якая раўназначная забойству.
Ва ўсіх астатніх — звычайны лёс беларускіх пісьменьнікаў. Найбольш пасьпяхова, відаць, адпрацаваў апошнія дзесяць гадоў Віцэсь Мудроў — амаль штогод выдаваў па кнізе.
«Расейскамоўныя літаратурныя суполкі ўлада не чапае»
— Цяпер у Беларусі ўлада зьліквідавала ўсе незалежныя творчыя арганізацыі, якія мелі дачыненьне да літаратуры. Абвясьцілі экстрэмісцкімі дзясяткі кніг. Пазбавілі ліцэнзій недзяржаўныя выдавецтвы. Пералік гэтых разбуральных дзеяньняў можна працягваць. На вашу думку, чаму беларускі афіцыёз так зацята змагаецца зь не падкантрольнай яму беларускай літаратурай?
— Я ня думаю, што тут нейкая асаблівая ўвага да беларускай літаратуры. Проста ўсё, што магло самастойна існаваць і ўплываць нейкім чынам на грамадзтва, зьліквідавалі. Ёсьць жа ў нас нейкія недзяржаўныя расейскамоўныя літаратурныя суполкі, як напрыклад, «Полоцкая ветвь». Іх ніхто не чапае.
— Многія беларускія літаратары ратуюцца ад перасьледу за межамі сваёй краіны. І вы не выключэньне. Маючы досьвед арганізацыі ТВЛ, можа, падумваеце аб стварэньні нечага падобнага ў Польшчы, напрыклад, дзе вы цяпер жывяце і працуеце?
— Я чуў такія парады, што «можа, трэба зарэгістраваць ТВЛ у Польшчы». Але я ня бачу ў гэтым ніякага сэнсу. Па-першае, няма з кім гэта рабіць. Па-другое, гэта будзе толькі забіраць час. У Польшчы без праблем можна ўсё рабіць у індывідуальным плаваньні. Я ў Беластоку працягваў выдаваць кнігі тэвээлаўцаў. Найбольш ганаруся кнігай палачанкі Алены Ніякоўскай. Я пасьпеў яе ўгаварыць укласьці сваю кнігу з найлепшых твораў, і яна яшчэ пры жыцьці патрымала яе ў сваіх руках, сваю адзіную кнігу.
— А ўвогуле ці патрэбна беларускім пісьменьнікам ствараць за мяжой свае творчыя аб’яднаньні? Ці палепшаць справы з беларускай замежнай літаратурай, умоўна скажам, ТВЛ Польшчы, Нямеччыны, Брытаніі ці Швэцыі?
— У справе рэгістрацыі ёсьць адзін станоўчы фактар — магчымасьць падаваць заяўкі на гранты, удзельнічаць у нейкіх фінансавых конкурсах. Або працаваць як самастойнае выдавецтва. Але гэта зусім іншая справа, бліжэйшая да бізнэсу, а мне цяпер больш падабаецца быць у творчым андэрграўндзе. Ужо няма сілаў цягнуць такі воз.