Вядомы берасьцейскі блогер і былы палітвязень Сяргей Пятрухін, які выйшаў на волю з турмы ў сьнежні 2022 году, выехаў цяпер зь Беларусі за мяжу.
Фонд салідарнасьці BySol сабраў для эвакуяванага з Беларусі блогера Сяргея Пятрухіна неабходныя грошы.
Па стане на раніцу 16 лютага Сяргею сабралі 3169 эўра пры заяўцы ў 3000 эўра.
На 11 гадзін 16 лютага задача была перавыканана на 169 эўра, збор працягваецца.
Экс-палітвязень прасіў аказаць яму падтрымку, каб на тры месяцы арандаваць кватэру (1.200 эўра) і забясьпечыць сябе харчаваньнем (600), набыць адзеньне (300), ноўтбук для працы (700) і адкласьці фінансавую «падушку бясьпекі» (200).
Пятрухін пакінуў Беларусь 10 лютага, баючыся паўторнага крымінальнага перасьледу.
- Аляксандар Кабанаў разам зь Сяргеем Пятрухіным вялі Youtube-канал «Народный репортер». Вялікую вядомасьць блогеры займелі, калі асьвятлялі сытуацыю вакол будаўніцтва ў Берасьці акумулятарнага заводу. У 2020 годзе Кабанаў да свайго арышту фактычна выконваў функцыі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай.
- Пятрухіна ў 2018 годзе некалькі разоў арыштоўвалі, у 2019 годзе Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу — за паклёп на ўчастковага міліцыянта. Блогер віны не прызнаў і грамадзкай дзейнасьці не спыніў. 16 чэрвеня 2020 году Пятрухіна схапілі ў вёсцы Востраў пад Пухавічамі. Затрымліваць блогера прыехалі больш за 20 сілавікоў на 9 аўтамабілях.
- Падчас судовага працэсу Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены, пратэстуючы супраць антысанітарыі ў камэры магілёўскага ізалятара. За гэта яго адправілі ў карцар.
- У красавіку 2021 году Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) ды ў зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Сяргей Пятрухін быў асуджаны яшчэ і за абразу судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК). Судзьдзя Вольга Краўчанка пакарала абодвух блогераў трыма гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргей Пятрухін выйшаў на волю ў сьнежні 2022 году і заставаўся ў Беларусі.