У Віцебскім абласным судзе 15 лютага распачаўся суд над 37-гадовым грамадзянінам Украіны Андрэем Шмаем, якога абвінавачваюць паводле двух цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 358 («Шпіянаж») і арт. 358-1 («Агентурная дзейнасьць»).
Як паведаміла праваабарончая арганізацыя «Вясна», украінцу пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Справу разглядае Яўген Бурунаў. Працэс праходзіць за зачыненымі дзьвярыма.
Андрэя Шмая ўтрымліваюць пад вартай з 19 студзеня 2023 году ў СІЗА-2. Затрымалі яго проста на працоўным месцы. Доўгі час сям’я ня ведала, што зь ім здарылася, і толькі праз два тыдні ягонай жонцы патэлефанаваў чалавек, які назваўся сьледчым і папрасіў перадаць дакумэнты Андрэя. Больш ніякіх дэталяў ён не паведаміў.
Андрэй Шмай нарадзіўся ў Чарнігаве і мае ўкраінскае грамадзянства. У Беларусь ён пераехаў пасьля жаніцьбы. Сям’я ўжо 10 гадоў жыла ў Віцебску. Працаваў рабочым па абслугоўваньні будынкаў Віцебскага аблвыканкаму.
У фільме АНТ пра тэракт у Мачулішчах і сетку СБУ, які выйшаў 5 красавіка 2023 году, у Беларусі адзначалася, што нібыта Андрэй Шмай рэгулярна адпраўляў інфармацыю пра сытуацыю ў аблвыканкаме праз мэсэнджар Signal ва Ўкраіну свайму малодшаму брату Руслану, які служыць у Чарнігаўскім апэратыўным камандаваньні «Поўнач» і зьяўляецца намесьнікам камандзіра ў апэратыўных справах. У фільме таксама сьцьвярджалі, што перапіска была зашыфраванай, хоць Андрэй Шмай патлумачыў, што проста выдаляў паведамленьні, калі іх зьбіралася шмат.
Вядома, што Андрэй Шмай — былы вайсковец, у 2006-2013 гадах служыў на беларуска-ўкраінскай мяжы інспэктарам пункту пропуску «Новыя Ярылавічы». Потым пераехаў у Віцебск, уладкаваўся рабочым па комплексным абслугоўваньні і рамонце будынкаў і збудаваньняў — выконваў розныя заказы, зьвязаныя з падтрыманьнем матэрыяльнай часткі ўстановы (абслугоўваньне электрыкі, сантэхнікі і іншыя работы, якія не патрабавалі высокай кваліфікацыі).