У нямецкай газэце Die Welt 14 лютага выйшаў сумесны артыкул беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай і міністаркі замежных спраў Нямеччыны Анналены Бэрбак.
«Рэпрэсіі беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі супраць свайго народу ўзмацняюцца. Мы ня маем права мірыцца з гэтым», — пішуць палітыкі ў пачатку публікацыі, якую цытуе «Позірк».
Яны згадваюць гісторыю дзяўчыны па імені Ірына, якую выхавала бабуля. У 2020 годзе, яшчэ не дасягнуўшы 20-годзьдзя, Ірына выйшла на пратэсты, неўзабаве была арыштаваная і цяпер знаходзіцца ў турме.
«Мы ня хочам называць яе сапраўднае імя, каб наглядчыкі яшчэ больш не пагоршылі яе становішча. У такой жа сытуацыі знаходзяцца яшчэ 1500 зьняволеных, якіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі арыштаваў з палітычных матываў», — адзначаюць Ціханоўская і Бэрбак.
«Грамадзяне, якія выходзілі на мірныя дэманстрацыі. Журналісткі, якія асьвятлялі пратэсты. Студэнты, якія пісалі пратэставыя плякаты ў сваім унівэрсытэце. Бабулі, якія дарылі сілавікам кветкі на жаночых маршах. Бацькі сямействаў, якія выходзілі на вуліцы дзеля будучыні сваіх дзяцей. Гэтыя людзі ўзрушылі ўсю Эўропу. І мы іх не забудзем», — падкрэсьліваецца ў артыкуле.
Ціханоўская і Бэрбак канстатуюць, што глядзяць на Беларусь з рознай пэрспэктывы:
«Нашы родныя гарады, Мікашэвічы і Гановэр, аддзяляюць 1200 км. Гэта гарады, якія вызначылі наша жыцьцё. Жыцьцё ў свабоднай і дэмакратычнай Заходняй Нямеччыне. Жыцьцё ў Савецкім Саюзе і беларускай дыктатуры».
«Наколькі розная наша гісторыя, настолькі аб’ядноўвае нас дакладнае перакананьне: кожны чалавек мае права быць свабодным. Гэта не злачынства — выйсьці на вуліцу для абароны свайго меркаваньня. І кожнае грамадзтва само павінна вырашаць, хто ім будзе кіраваць», — пішуць палітыкі.
Яны падкрэсліваюць, што свабода — «падмурак мірнай Эўропы», «за гэтую свабоду людзі ў Беларусі ў 2020 годзе выйшлі на вуліцы», «і гэта тая свабода, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі так ненавідзіць».
«Таму ён становіцца ўсё больш жорсткім у адносінах да сваіх крытыкаў, — канстатуюць аўтаркі. — У тым ліку ў дачыненьні да жанчын. Да такіх жанчын, як Ірына. Бо такіх жанчын, як Ірына, баяцца дыктатары ва ўсім сьвеце. Бо менавіта жанчыны зрабілі мірныя пратэсты ў Беларусі такімі эфэктыўнымі».
Ціханаўская і Бэрбак апісваюць апошнія прыклады рэпрэсій: студзеньскі рэйд сілавікоў па кватэрах семʼяў палітвязьняў, якія атрымлівалі харчовую дапамогу, і забарону на атрыманьне пашпартоў у замежных дыппрадстаўніцтвах паводле верасьнёўскага ўказу Лукашэнкі.
«Дыктатура, якая так перасьледуе сваіх грамадзян, у нейкі момант накіроўвае сваю агрэсію вонкі», — адзначаюць аўтары і нагадваюць аб прымусовай пасадцы ў Менску самалёта Ryanair, штучным крызісе на межах з краінамі Эўразьвязу з дапамогай нелегальных мігрантаў, ператварэньне Беларусі ў пляцоўку для расейскай агрэсіі супраць Украіны, «нягледзячы на тое, што гэтая вайна ў Беларусі не карыстаецца падтрымкай».
«Таму мы працягваем інтэнсіўны ціск на ўлады ў Менску. Як Эўрапейскі зьвяз, які сустракае забаронай на імпарт і занясеньнем у [санкцыйныя] сьпісы памагатых рэжыму: вайскоўцаў, прапагандыстаў, функцыянэраў у сілавым і судовым апараце, алігархаў і фінансістаў. І як палітыкі, якія падтрымліваюць дэмакратычныя сілы ў Беларусі і ў выгнаньні. Праграмамі абароны дэмакратычных сіл і блізкіх палітвязьняў, экстранай дапамогай для СМІ ў выгнаньні. А ў сьвятле подлай стратэгіі ў дачыненьні да пашпартоў грамадзян у выгнаньні — пошукам альтэрнатыў беларускім пашпартам», — пішуць палітыкі.
Па словах аўтарак, яны не дапусьцяць, каб людзі ў Беларусі «зьніклі за новай жалезнай заслонай», яны «належаць Эўропе».
«Таму мы не губляем надзеі на свабодную, незалежную Беларусь», — падкрэсьліваюць Ціханоўская і Бэрбак.
Гэта трэці сумесны артыкул Ціханоўскай з эўрапейскімі палітыкамі. 12 лістапада 2023 году выйшла публікацыя, напісаная з прэмʼер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманіце, 10 сьнежня — з прэзыдэнткай Эўрапейскага парлямэнту Рабэртай Мэтсаляй.