Матэрыял зьявіўся на фоне заяваў некаторых літоўскіх палітыкаў, у тым ліку прэзыдэнта Гітанаса Наўседы, аб неабходнасьці абмежаваць правы беларускіх грамадзян у той жа ступені, што і расейскіх, адмоўнай рэакцыі парлямэнцкага камітэта нацыянальнай бясьпекі і абароны на прапанову МУС Літвы павялічыць тэрмін дзеяньня дазволу на жыхарства для беларусаў з 1 году да 3 гадоў і спрэчак на тэму «літвінізму» (каму — літоўцам або беларусам — належыць спадчына Вялікага Княства Літоўскага).
«Нягледзячы на спробы рэжыму Лукашэнкі настроіць нас адзін супраць аднаго, мы разам абараняем свабоду і дэмакратыю ад агрэсіі аўтарытарных рэжымаў», — пішуць Ціханоўская і Шыманіце.
На іх думку, у сытуацыі, калі Расея «вядзе сваю імпэрыялістычную вайну супраць Украіны і гібрыдную агрэсію супраць дэмакратычных краін па ўсім сьвеце», а рэжым Лукашэнкі «працягвае прыгнятаць беларускі народ і падтрымліваць расейскую ваенную агрэсію», адзінства «нашых краін і народаў — свабодалюбівых беларусаў і літоўцаў» — «робіцца больш важным, чым калі-небудзь».
«Мы зьвязаны значна мацней, чым простай геаграфічнай блізкасьцю і агульнай гісторыяй. Мы глыбока разумеем праблемы і мары адзін аднаго і ўсьведамляем, што нашыя лёсы непарыўна зьвязаныя. Наша сяброўства доўжыцца ўжо стагодзьдзі», — падкрэсьліваюць палітыкі.
Яны канстатуюць, што пасьля падзеяў 2020 года літоўцы «выратавалі тысячы людзей, вымушаных уцякаць зь Беларусі ад маштабнага тэрору, нябачанага з часоў сталінізму». Літоўцы «выдатна ведаюць, чаму нельга ўраўноўваць паміж сабой дыктатара Лукашэнку і свабодалюбівы народ Беларусі».
«Нездарма тысячы беларусаў, вымушаных уцякаць са сваёй краіны ад рэпрэсій, якія ўзмацняюцца, знайшлі новы дом менавіта ў Літве. Рэжым Лукашэнкі з дапамогай правакацый і лжывых заяў спрабуе падзяліць нас, але мы не дазволім яму гэтага зрабіць», — гаворыцца ў артыкуле.
Ціханоўская і Шыманіце заклікаюць міжнародную супольнасьць і, у прыватнасьці, Эўразьвяз, «працягваць рабіць канкрэтныя дзеяньні супраць рэжыму ў Менску».
«Вырашальнае значэньне тут маюць санкцыі, дыпляматычны ціск і падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасьці. Гэтыя крокі — у спалучэньні з пастаяннай маральнай і практычнай падтрымкай з боку такіх сяброў, як Літва — надзвычай важныя, каб схіліць шалі ў бок дэмакратычнай будучыні Беларусі», — перакананыя аўтары.
Літва і Беларусь названы «ня проста суседзямі, а партнэрамі, якія імкнуцца да адной мары — мары аб адзінай, свабоднай і мірнай Эўропе».