Пра гэта Зяленскі заявіў у вечаровым звароце 9 лютага. Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, кандыдатуру Баргілевіча прапанаваў новы камандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі.
Да перастаноўкі Баргілевіч узначальваў Сілы тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны.
Баргілевіч падчас абароны Кіева ў 2022 годзе курыраваў гастомельскі напрамак, паведамляе «РБК-Украіна». Там расейскі спэцназ захапіў аэрадром, які, як мяркуецца, павінен быў быць выкарыстаны для перакідваньня дэсанту ПДВ. Скарыстацца ім расейскім вайскоўцам не ўдалося.
Зяленскі назваў Баргілевіча дасьведчаным чалавекам, які разумее задачы і мэты вайны. Яму 54 гады, ён скончыў Нацыянальны ўнівэрсытэт абароны ў Кіеве. Падрабязнасьцяў яго біяграфіі ўкраінскія крыніцы не прыводзяць.
8 лютага Зяленскі зьмяніў камандуючага ўсімі ўзброенымі сіламі. З пасады быў звольнены генэрал Валеры Залужны, яго месца заняў генэрал-палкоўнік Аляксандар Сырскі.
9 лютага Залужны быў узнагароджаны званьнем Героя Ўкраіны. Яго наступнае прызначэньне не аб’яўлялася.