Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі адправіў у адстаўку Залужнага і прызначыў новага кіраўніка УСУ


Уладзімір Зяленскі сустрэўся з Валерыем Залужным, 8 лютага 2023 году
Уладзімір Зяленскі сустрэўся з Валерыем Залужным, 8 лютага 2023 году

Валеры Залужны быў на пасадзе галоўнакамандуючага УСУ зь ліпеня 2021 году. Яго месца зойме Аляксандар Сырскі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэўся з галоўнакамандуючым УСУ Валерыем Залужным увечары 8 лютага.

«Абмеркавалі, у якім абнаўленьні маюць патрэбу Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Абмеркавалі таксама, хто можа знаходзіцца ў абноўленым кіраўніцтве Ўзброеных сіл Украіны. Час для такога абнаўленьня — менавіта цяпер. Прапанаваў Валерыю Фёдаравічу і далей быць у камандзе», — напісаў Зяленскі пасьля сустрэчы.

Сам Залужны па выніках сустрэчы, сярод іншага напісаў, што «размова была важная і сур’ёзная» і што было «прынятае рашэньне аб неабходнасьці зьмены падыходаў і стратэгіі». Празь некаторы час кіраўнік Мінабароны Ўкраіны Рустэм Умераў абвясьціў аб зьмене галоўнакамандуючага УСУ.

У вечаровым відэазвароце Зяленскі паведаміў пра адстаўку Залужнага і прызначэньне новым галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Ўкраіны генэрал-палкоўніка Аляксандра Сырскага.

Памочнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк патлумачыў, што рашэньне адправіць у адстаўку Залужнага было прынятае па шэрагу прычын, адна зь якіх — неабходнасьць перагледзець тактыку дзеяньняў:

«Рашэньне абумоўленае неабходнасьцю перагледзець тактыку дзеяньняў, якая не забясьпечыла ў поўным аб’ёме належнага выніку летась, не дапусьціць стагнацыі па лініі фронту, якая нэгатыўна ўплывае на грамадзкія настроі, знайсьці новыя функцыянальныя і высокатэхналягічныя рашэньні, якія дазваляюць утрымаць і разьвіць ініцыятыву, а таксама важнасьцю запусьціць працэс рэфармаваньня кіраўніцкіх прынцыпаў у войску», — напісаў Падаляк у сваім Тэлеграм-канале.

58-гадовы Аляксандар Сырскі — ураджэнец Расеі, ва Ўкраіне жыве з 1980 году. Першую ваенную адукацыю атрымаў у Маскоўскім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы. Потым скончыў Акадэмію Ўзброеных сіл Украіны і Нацыянальную акадэмію абароны Ўкраіны.

Камандаваў Сухапутнымі войскамі Ўзброеных сіл Украіны з 2019 году.

Сярод іншага, Сырскі ўзначаліў абарону Кіева на пачатку расейскай ваеннай агрэсіі ў лютым 2022 году, за што пасьля яму было прысвоена званьне Героя Ўкраіны. Ён жа арганізаваў пераможны контранаступ пад Харкавам летам мінулага году.

  • На пачатку лютага пра адстаўку Залужнага паведаміла Washington Post — журналісты пісалі, што аб такім рашэньні ўкраінскія чыноўнікі апавясьцілі амэрыканскіх калегаў. Белы дом не падтрымаў рашэньня, але і ня выказаўся супраць, прызнаўшы «сувэрэнны выбар» Зяленскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG