Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі апазыцыйны палітык патрабуе прыцягнуць Пуціна да адказнасьці па артыкуле «Рэабілітацыя нацызму»


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію амэрыканскаму тэлевядучаму Такеру Карлсану ў Маскве
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію амэрыканскаму тэлевядучаму Такеру Карлсану ў Маскве

На думку палітыка з Удмуртыі Сяргея Антонава, падчас двухгадзіннага інтэрвію амэрыканскаму тэлевядоўцу Ўладзімір Пуцін пасьпеў нагаварыць на артыкул Крымінальнага Кодэксу.

У інтэрвію Такеру Карлсану прэзыдэнт Расіі заявіў: «Палякі вымусілі» Гітлера напасьці на Польшчу.

9 лютага апазыцыйны палітык Сяргей Антонаў, які пакінуў Расею летам 2022 году, зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт з патрабаваньнем прыцягнуць прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна па артыкуле 354.1 КК РФ («Рэабілітацыя нацызму»), піша сайт «Idel.Рэаліі».

Падставай для заявы паслужыла інтэрвію Пуціна амэрыканскаму журналісту Такеру Карлсану, у якім прэзыдэнт РФ, апроч іншага, закрануў падзеі Другой сусьветнай вайны і заявіў, што «палякі загуляліся і вымусілі Гітлера пачаць Другую сусьветную вайну».


«Чаму пачалася вайна першага верасьня 1939 году менавіта з Польшчы? Яна была незгаворлівая. Гітлеру нічога не заставалася пры рэалізацыі яго плянаў пачаць менавіта з Польшчы», — сказаў Уладзімір Пуцін.

На думку Сяргея Антонава, у словах прэзыдэнта Расеі ўгледжваецца «адмаўленьне фактаў, устаноўленых выракам Міжнароднага ваеннага трыбуналу для суду і пакараньня галоўных ваенных злачынцаў эўрапейскіх краін восі, адабрэньне злачынстваў, устаноўленых названым выракам».

Палітык таксама лічыць, што Пуцін «учыніў гэтае злачынства пры абцяжваючых абставінах» — распаўсюдзіў інфармацыю «з выкарыстаньнем свайго службовага становішча», а таксама з «выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі альбо інфармацыйна-тэлекамунікацыйных сетак, у тым ліку сеткі „Інтэрнэт“».

Гэтыя кваліфікуючыя прыкметы пералічаны ў пунктах «а» і «в» часткі 2 артыкула 354.1 КК РФ.

Антонаў прызнае, што ў цэлым артыкул аб «рэабілітацыі нацызму» выкарыстоўваецца ў Расеі для «расправы над непажаданымі», аднак, паводле яго слоў, заявы Пуціна, зробленыя ў інтэрвію з Такерам Карлсанам, падпадаюць пад яго фармулёўку.

«Заява зарэгістраваная, ёй прысвоены нумар. Паглядзім, як будзе выкручвацца сьледчы камітэт РФ», — падсумаваў Сяргей Антонаў у гутарцы з карэспандэнтам «Idel.Рэаліі».

Антонаў узначальвае за мяжой «Камітэт-2024» — аб’яднаньне расейскіх апазыцыйных палітыкаў супраць узурпацыі ўлады ў Расеі.

За час збору подпісаў у падтрымку вылучэньня Ўладзіміра Пуціна кандыдатам у прэзыдэнты РФ «Камітэт-2024» падаў у ЦВК РФ рэкордную колькасьць скаргаў на парушэньні, дапушчаных пры гэтым, як адзначалі заяўнікі, рэгіянальнымі і муніцыпальнымі чыноўнікамі, а таксама прадстаўнікамі бюджэтных устаноў. Цэнтравыбаркам праігнараваў усе 320 скаргаў.

Цяпер «Камітэт-2024» патрабуе ад СКР прыцягнуць членаў ЦВК па артыкуле КК РФ «Халатнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG