Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах прэзыдэнта Расеі будуць чатыры кандыдаты


У бюлетэнях на выбарах прэзыдэнта Расеі будзе чатыры кандыдаты, заявіла кіраўніца расейскага ЦВК Эла Памфілава па выніках пасяджэньня камісіі.

ЦВК раней зарэгістраваў у якасьці кандыдатаў дзейнага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна (самавылучэнец), Уладзіслава Даванкова («Новыя людзі»), Леаніда Слуцкага (ЛДПР) і Мікалая Харытонава (КПРФ).

У рэгістрацыі адмовілі адзінаму антываеннаму кандыдату Барысу Надзеждзіну. ЦВК прызнаў несапраўднымі больш за дзевяць тысяч подпісаў, сабраных у яго падтрымку. Па гэтай жа прычыне адмовілі Сяргею Малінковічу («Камуністы Расеі»). ЦВК знайшла ў яго падпісных лістах каля дзевяці тысяч несапраўдных подпісаў.

Прэзыдэнцкія выбары ў Расеі прызначаныя на 17 сакавіка 2024 году. ЦВК Расеі ўжо аб’явіў, што выбары будуць праходзіць на працягу трох дзён — 15, 16 і 17 сакавіка. Пасьля таго як Савет фэдэрацыі РФ прызначыў дату выбараў прэзыдэнта, Фонд барацьбы з карупцыяй заявіў аб запуску кампаніі «Расея бяз Пуціна» з заклікам галасаваць за любога кандыдата, акрамя Пуціна.

Пуцін знаходзіцца ва ўладзе з 2000 году. Ён двойчы абіраўся прэзыдэнтам у 2000-я гады: у 2000 і 2004 гадах. Тады прэзыдэнцкі тэрмін складаў 4 гады. У 2008 годзе Пуцін і тагачасны кіраўнік урада правялі ракіроўку: прэзыдэнтам стаў Дзьмітры Мядзьведзеў, а Пуцін заняў пасаду кіраўніка ўраду. У тым годзе на выбарах, адзначае руская служба «Бі-бі-сі», было таксама чатыры кандыдаты — Дзьмітрый Мядзьведзеў, Генадзь Зюганаў, Уладзімір Жырыноўскі і Андрэй Багданаў.

У 2012 годзе Пуцін пайшоў на трэці тэрмін, і ў тым самым годзе тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў быў павялічаны з 4 да 6 гадоў. У 2018 годзе ён стаў прэзыдэнтам чацьвёрты раз. Летам 2020 году ў Расеі былі прынятыя папраўкі да Канстытуцыі, якія дазволяць Пуціну зноў двойчы балятавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы і заставацца ва ўладзе да 2036 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG