Эўрапейскія дэпутаты заклікалі ЭЗ і міжнародную супольнасьць не прызнаваць вынікі беларускіх выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў — з-за адсутнасьці празрыстасьці, свабоды і справядлівасьці.
У прэамбуле дакумэнта адзначана, што дэмакратычныя апазыцыйныя партыі ня маюць магчымасьці ўдзельнічаць у электаральнай кампаніі.
Раней Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў рэзалюцыі заявіла, што не прызнае вынікаў выбараў у Беларусі.
Магчымасьці для перадвыбарнай агітацыі паменшыліся
Беларускія праваабаронцы працягваюць сачыць за парушэньнямі падчас прадвычабрнай агітацыі.
Яны адзначаюць, што ў Берасьці, напрыклад, тэрытарыяльнае поле для перадвыбарнай агітацыі істотна паменшылася.
Месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а гэта значыць сходаў па-за памяшканьнямі, мітынгаў, пікетаваньня ў мэтах ажыцьцяўленьня перадвыбарнай агітацыі, вызначылі толькі парк воінаў-інтэрнацыяналістаў у мікрараёне «Ўсход».
А падчас мінулых выбараў у 2020 годзе такіх месцаў было два: у Ленінскім раёне Берасьця – пляцоўка каля крамы «Эўраопт» па вуліцы Адамкоўскай, а ў Маскоўскім раёне – алея ля сцэнічнай пляцоўкі парку імя воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Калі параўнаць сытуацыю з 2015 годам, то месцаў для правядзеньня перадвыбарнай агітацыі было яшчэ болей. Так, агітацыйныя мітынгі і пікеты ў падтрымку кандыдатаў можна было арганізоўваць на пляцоўках побач з буйнымі гандлёвымі аб’ектамі, на пешаходнай вуліцы Савецкай, на набярэжнай Францішка Скарыны, стадыёнах фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Лякаматыў» і «Будаўнік», у парку імя Дружбы народаў.
Таксама сытуацыя ад выбараў да выбараў у Берасьці пагаршаецца і з памяшканьнямі для сустрэч з выбарнікамі.
Так, сёлета для сустрэч кандыдатаў і іх давераных асоб у памяшканьнях вызначаны шэраг месцаў: у Ленінскім раёне – Дом культуры чыгуначнікаў, а таксама некаторыя ўстановы адукацыі, у Маскоўскім раёне – Берасьцейскі абласны Палац культуры прафсаюзаў, сярэднія школы, гімназіі.
На мінулых парлямэнцкіх выбарах такіх месцаў было значна болей.