Зь беларусы, якія выехалі, змогуць узяць удзел у выбарах толькі тыя, хто стаіць на консульскім уліку, і для таго, каб прагаласаваць, яны павінны будуць прыехаць у Беларусь, таму што ўчасткі для галасаваньня на выбарах за мяжой адкрывацца ня будуць. Пра гэта падчас паседжаньня ЦВК Беларусі заявіў яе кіраўнік Ігар Карпенка.
Прыняць удзел у галасаваньні на выбарах змогуць толькі тыя беларусы замежжа, якія атрымалі адпаведныя пашпарты і стаяць на консульскім уліку.
«Мы выдзелім спэцыяльна адзін участак у горадзе Менску, дзе такія грамадзяне змогуць прагаласаваць, прыехаўшы ў Рэспубліку Беларусь», — растлумачыў Карпенка.
Ён заявіў, што ў Выбарчы кодэкс унесьлі зьмяненьні, згодна зь якімі ў гэтую выбарчую кампанію ўчасткі для галасаваньня за мяжой адкрывацца ня будуць.
Раней Карпенка заяўляў, што ня лічыць гэта ўшчамленьнем правоў беларусаў, якія выехалі з тых ці іншых прычынаў за мяжу і цяпер ня змогуць прагаласаваць дыстанцыйна.
25 лютага 2024 году ў Беларусі прызначаны адзіны дзень галасаваньня. Адначасова пройдуць выбары дэпутатаў усіх узроўняў: ад сельсаветаў да Палаты прадстаўнікоў, а таксама будзе сфармаваны Савет Рэспублікі. На працягу 60 дзён пасьля гэтага пройдзе так званы «ўсебеларускі народны сход».
Раней праваабаронцы неаднаразова паведамлялі пра выпадкі затрыманьня людзей, якія вярталіся ў Беларусь.
Па афіцыйных зьвестках беларускіх уладаў, краіну пакінулі каля 200 тысяч беларусаў. Рэальная лічба можа быць нашмат большай.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.