Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) падвяла вынікі другога конкурсу Free Belarus Business Award. Назвалі пераможцаў у пяці намінацыях.
Конкурс «Бізнэс вольнай Беларусі» фінансуе Эўразьвяз. Сфэры бізнэсу беларусаў за мяжой самыя розныя: будаўніцтва, мэдыцына, лягістыка, навучаньне, інавацыйныя тэхналёгіі, бясьпека, гандаль, клюбы, кавярні.
Агульны прызавы фонд конкурсу складае 25 тысяч эўра. Кожная кампанія-пераможца атрымлівае па 5 тысяч эўра на далейшае разьвіцьцё бізнэсу.
Мэтай конкурсу ёсьць адзначэньне дасягненьняў бізнэсу, заахвочваньне людзей, якія знаходзяць спосабы адаптавацца і весьці свой бізнэс па-за межамі краіны, умацоўваючы свае пазыцыі на замежным рынку і ствараючы спрыяльныя ўмовы працы для сваіх супрацоўнікаў.
Віцэ-прэзыдэнтка АВВА Марына Гірын адзначыла, што беларусы ствараюць пазытыўны імідж свайго бізнэсу за мяжой.
«Гэты конкурс дае веру і надзею ў лепшае. У вас няма дому, але вы працуеце, ствараеце. Вы ўсе пераможцы, вы зрабілі выклік. Я вельмі ганаруся ўсімі вамі», — кажа Марына Гірын.
Міжнароднае журы абрала пераможцаў у 5 намінацыях.
Праца зь дзецьмі зь інваліднасьцю
У намінацыі «Некамэрцыйная арганізацыя году» ў фінал выйшлі чатыры прэтэндэнты з розных галінаў. Пераможцам стала Fundacja Klub Sportovy POGON.
Як распавялі заснавальнікі клюбу Аляксандар Кушнер і Крысьціна Станкевіч, асноўная мэтавая аўдыторыя спартовага клюбу — дзеці з рознымі відамі інваліднасьці ва ўзросьце ад 6 да 13 гадоў, якія займаюцца футболам. Гэтым каманда займалася і ў Беларусі, цяпер працуе яна ў Польшчы.
«Самая каштоўная і кранальная перамога была, калі нашы выканаўцы з асаблівасьцямі разьвіцьця перамаглі ў футбольным матчы звычайных дзетак», — прызнаецца Крысьціна Станкевіч.
Заснавальнікі Fundacja Klub Sportovy POGON вераць, што свае веды і сілы яшчэ выкарыстаюць пры аднаўленьні Беларусі.
Псыхічнае і фізычнае здароўе
У намінацыі «Сацыяльнае прадпрыемства году» ў фінал таксама выйшлі чатыры прэтэндэнты. Перамагла кампанія Promartialarts (Professional Martial Arts and Wellness Techniques Online).
Асноўная місія — выкарыстаньне сучасных і традыцыйных мэтадаў захаваньня і ўмацаваньня здароўя: цела і духа, аздараўленьне і гармонія. То бок, кампанія дбае ня толькі пра фізычнае здароўе сваіх кліентаў, але і пра псыхічнае здароўе, эмацыйны фон, зьніжэньне ўзроўню стрэсу.
Кіраўнік кампаніі Максім Арцішэўскі распавёў, што яны запрасілі лепшых трэнэраў па кікбоксінгу з усяго сьвету, у тым ліку зь Фінляндыі і Кітаю.
Камфортнае і эстэтычнае жыцьцё
У намінацыі «Брэнд году» перамагла кампанія «Comfort Zone», якая займаецца тэкстыльным афармленьнем інтэр’ераў: пашывам штораў, абрусаў, сталовай і пасьцельнай бялізны, усё выконваецца па індывідуальных замовах.
Кіраўніца кампаніі Алена Бачыла запэўніла, што яны выкарыстоўваюць калекцыю тканінаў ад лепшых эўрапейскіх вытворцаў, самыя сучасныя тэхналёгіі, маюць уласны швейны цэх.
«Мы хочам зрабіць жыцьцё нашых кліентаў больш камфортным і эстэтычным. Мы даем ім магчымасьць адчуць сваю ўнікальнасьць, індывідуальнасьць, атрымаць асалоду ад адзіных і непаўторных рэчаў», — кажа Алена Бачыла.
Бясьпека найперш за ўсё
У намінацыі «Інавацыйны бізнэс году» перамагла кампанія «Banalitycs», якая займаецца праблемамі бясьпекі: распрацоўкай сыстэм відэаназіраньня, праграмнага забесьпячэньня для іх.
«Мы — беларусы, таму задумаліся пра пэўныя нашы асаблівасьці: можна назіраць за домам, які вы пакінулі ў Беларусі праз тэлефон. Мы думалі і пра хатні гвалт, і можна дасылаць інфармацыю з тэлефону на аддаленую прыладу, можна маніторыць і саму камэру — калі яна адключылася ці зламалася», — кажуць заснавальнікі кампаніі «Banalitycs».
«Найлепшым бізнэсам году» стала кампанія па выдаленьні тату
У намінацыі «Найлепшы бізнэс году» перамагла кампанія Lasera Plus, якая вырабляе сучаснае абсталяваньне для працэдураў лазэрнай эпіляцыі, выдаленьня татуіровак і пэрманэнтнага макіяжу. Падчас цырымоніі ўзнагароджаньня калегі пажартавалі, што кампаніі Lasera Plus неабходна тэрмінова знайсьці для супрацы студыі татуіроўкі і працаваць зь імі ў тандэме.
Заснавальнікі кампаніі Раман Цімафееў і Раман Берасьцень паведамілі, што яны задумваюцца пра тое, каб адкрыць у Польшчы паліцэальную школу (навучальную ўстанову для дарослых), каб рыхтаваць адмыслоўцаў па такой запатрабаванай спэцыяльнасьці.