«Проста цяпер яны (улады. — BPN.) арыштоўваюць маёмасьць зьняволеных з палітычных матываў, каб потым прадаваць яе, пазбаўляючы людзей таго, што беларусы зарабілі сумленнай працай, — напісала Ціханоўская. — Нашу зь Сяргеем Ціханоўскім менскую кватэру арыштавалі. У ёй апісалі ўсе — аж да акварэльных фарбаў дзяцей, каб прадаць і сабраць грошай у казну».
Паводле яе, «у канфіскатах (сетка крамаў з канфіскаванымі таварамі „Ваш выбар“, якая належыць Кіраўніцтву справамі Аляксандра Лукашэнкі. — BPN.) Гомлі проста зараз прадаюць тэхніку, зь якой 29 траўня 2020 году затрымалі Сяргея».
«І такіх людзей, як Сяргей, у Беларусі тысячы», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Сяргей Ціханоўскі, прызнаны вінаватым паводле чатырох артыкулаў КК, асуджаны летась у сьнежні на 18 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.