Здарэньне апісвае «Позірк».
Жанчына паведаміла, што, на думку лекраў, паказаньняў для правядзеньня кесарава сячэньня ня было, нягледзячы на буйнасьць плоду і зялёныя каляплодныя воды (прыкмета кіслароднай недастатковасьці). Адмова праводзіць хірургічную апэрацыю была аргумэнтаваная тым, што кардыётокаграма «ў парадку, няма пагрозы жыцьцю дзіцяці, усе паказчыкі і аналізы ў парадку».
«Хаця, на маю думку, адхіленьні ў КТГ усё ж былі. Калі не было, то чаму дзіця мёртвае?» — адзначыла Сухарукава.
Яна падкрэсьліла, што падчас цяжарнасьці вяла здаровы лад жыцьця, выконвала рэкамэндацыі жаночай кансультацыі і прыбыла да лекараў у належны тэрмін.
Роды, як вынікае з аповеду маці, прайшлі вельмі цяжка, дзіця забралі ў рэанімацыю. Двойчы ў нованароджанай спынялася сэрца, у другі раз аднавіць яго працу не атрымалася. Лекары заявілі, што ў дзяўчынкі была цяжкая асфіксія — стан парушанага дыханьня і недахопу кіслароду ў арганізьме.
Сухарукава ў звароце заклікала прыцягнуць мэдпэрсанал да адказнасьці, калі будзе выяўлены факт халатнасьці.
3 лютага прэс-служба Мінздароўя заявіла, што ў ведамстве «працуе адмысловая камісія па пытаньні аказаньня мэдыцынскай дапамогі парадзісе ў радзільным доме № 5 горада Менска».