Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Літвы дэпартавалі беларуса, які 17 гадоў пражыў там паводле дазволу на жыхарства


Вільня, Літва. Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Вільня, Літва. Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Беларус Аляксей пражыў у Літве 17 гадоў. У лютым 2023 году ў яго скончыўся тэрмін дзеяньня чарговага дакумэнта, але новы яму ня выдалі. Ягоную гісторыю распавядае выданьне delfi.lt.

Рашэньне аб падаўжэньні дазволу на жыхарства сям’я чакала 9 месяцаў, а калі атрымала — была ў шоку. На падставе высноваў Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дэпартамэнт міграцыі не працягнуў беларусу дазвол на жыхарства — Аляксея прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы», бо 20 гадоў таму мужчына служыў у беларускім войску, паведамляе выданьне.

У дэпартамэнце мужчыну запрасілі ў кабінэт, раздрукавалі рашэньне і сказалі, што ён неадкладна мусіць выехаць у Беларусь.

«Прыехалі памежнікі і на машыне з гэтым дакумэнтам адвезьлі на мяжу», — расказала яго жонка.

Тое, што мужчына не прэтэндаваў на атрыманьне сталага дазволу на жыхарства і на грамадзянства, расцанілі як факт «недастатковай інтэграцыі ў літоўскае грамадзтва і тое, што чалавек ня зьвязвае зь Літвой сваю будучыню».

Па словах жонкі беларуса, зараз ён на працягу 30 месяцаў ня зможа прыехаць у Літву.

У Літве ў мужчыны засталіся жонка і двое непаўналетніх дзяцей, грамадзяне краіны.

За год, з канца лістапада 2022 году, Літва прызнала 1644 беларусаў «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», паведамілі 22 лістапада ў Дэпартамэнце міграцыі пры МУС Літвы. Сярод іх:

  • 562 беларусам адмовілі ў дазволе на часовае пражываньне ў Літве,
  • 343 беларусам вырашылі яго не працягваць,
  • 450 беларусам анулявалі дазволы на часовае пражываньне ў Літве,
  • двойчы беларускім грамадзянам адмовілі ў выдачы сталага дазволу на жыхарства ў Літве,
  • 8 разоў прымалі рашэньні аб ануляваньні сталага дазволу на жыхарства,
  • 279 беларусам адмовілі ў атрыманьні нацыянальнай літоўскай візы.

Большасьць рашэньняў былі прынятыя пасьля запаўненьня адмысловай анкеты, уведзенай у канцы лістапада 2022 году, у якой, сярод іншага, ёсьць пытаньні пра стаўленьне да вайны ва Ўкраіне і прыналежнасьць Крыму, а таксама пытаньні пра кантакты са спэцслужбамі, службу ў войску ці сілавых ведамствах і інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG