Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкі касьцёл у Беларусі адмовіўся ад прапановы Ватыкану бласлаўляць аднаполыя пары і пары па-за шлюбам


Каталіцкі касьцёл у Беларусі ня мае намеру ўводзіць практыку дабраслаўленьня каталіцкімі сьвятарамі аднаполых параў, а таксама параў па-за шлюбам, якую раней дазволіў Ватыкан.

«Каталіцкі касьцёл у Беларусі ня мае намеру ўводзіць у практыку прапанаваную Дэклярацыяй магчымасьць дабраслаўленьня пар, якія жывуць у нерэгулярным саюзе, і аднаполых пар», — гаворыцца ў заяве Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

Канфэрэнцыя біскупаў нагадвае сьвятарам і дыяканам, што «нелітургічнае дабраслаўленьне можна даваць усім, хто аб ім просіць», але «заўсёды неабходна пазьбягаць наданьня дабраслаўленьня менавіта парам, якія жывуць у так званым „грамадзянскім шлюбе“, і тым, хто жыве ў кананічна нядзейсным сужэнстве, або аднаполым парам», бо, на думку Канфэрэнцыі, іншыя вернікі могуць успрыняць такое дабраслаўленьне «як згоду на грэх».

  • 19 сьнежня 2023 году Ватыкан апублікаваў так званую дэклярацыю «Fiducia supplicans», якую зацьвердзіў папа Рымскі Францішак і якая дае магчымасьць каталіцкім сьвятарам дабраслаўляць аднаполыя пары, але без правядзеньня шлюбнага абраду (вянчаньня).
  • Пры гэтым, як адзначаецца ў Дэклярацыі, вучэньне аб сужэнстве не мяняецца, дабраслаўленьне аднаполых саюзаў ня будзе азначаць легітымізацыі такіх адносінаў з боку каталіцкай царквы, а сам працэс павінен адбывацца па-за рамкамі адпраўленьня літургій ці іншых фармальных царкоўных рытуалаў. Каталіцкая царква працягвае лічыць, што шлюб можа быць узяты толькі паміж мужчынам і жанчынай.
  • На пачатку лістапада Ватыкан дазволіў трансгендэрным людзям прымаць хрост нароўні зь вернікамі-цысгендэрамі. Таксама ім дазволілі быць сьведкамі на вясельлі і хроснымі бацькамі.
  • У Беларусі прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасьці нярэдка трапляюць пад перасьлед. Улетку 2023 году Генпракуратура Беларусі нават выступіла з ініцыятывай вызначыць адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду ЛГБТ, зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры, паставіўшы гэтыя зьявы ў адзін шэраг. Праваабарончыя і іншыя арганізацыі падпісалі сумесную заяву з патрабаваньнем прытрымлівацца міжнародных абавязаньняў Беларусі ў сфэры сэксуальных і рэпрадуктыўных правоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG