Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыкан дазволіў каталіцкім сьвятарам дабраслаўляць аднаполыя пары, але не вянчаць іх


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Папа Рымскі Францішак дазволіў каталіцкім сьвятарам дабраслаўляць аднаполыя пары, але не вянчаць іх. Пра гэта гаворыцца ў дакумэнце, апублікаваным Дактрынальным аддзелам Ватыкану.

У дакумэнце, аднак, ёсьць шэраг удакладненьняў. Так, дабраслаўленьне аднаполых саюзаў ня будзе азначаць легітымізацыю падобных адносінаў з боку Каталіцкай царквы, а сам працэс павінен адбывацца за рамкамі адпраўленьня літургій ці іншых фармальных царкоўных рытуалаў. Дабраслаўленьне «нельга даваць у спалучэньні з цырымоніямі заключэньня грамадзянскага партнэрства ці нават у сувязі зь імі», паведамляе прэс-служба Vatican News.

Вучэньне Касьцёла аб сужэнстве не зьмяняецца: гэта не літургічнае дабраслаўленьне, а «жэст пастырскай блізкасьці, які не павінен зьмяшчаць элемэнты, нават аддалена падобныя на абрад шлюбу», гаворыцца ў дакумэнце. Паводле сьцьвярджэньня Ватыкану, дабраслаўленьне ў выпадках аднаполых саюзаў грунтуецца на прынцыпе, што любоў і міласэрнасьць ад Бога могуць атрымаць усе людзі без выключэньня, калі яны гэтага просяць.

Нягледзячы на дазвол, Каталіцкая царква працягвае лічыць, што шлюб можа быць узяты толькі паміж мужчынам і жанчынай.

  • У пачатку лістапада Ватыкан дазволіў трансгендэрным людзям прымаць хрост нароўні зь вернікамі-цысгендэрамі. Таксама ім дазволілі быць сьведкамі на вясельлі і хроснымі бацькамі.
  • У Беларусі прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасьці нярэдка трапляюць пад перасьлед. Улетку 2023 году Генпракуратура Беларусі нават выступіла з ініцыятывай вызначыць адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду ЛГБТ, зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры, паставіўшы гэтыя зьявы ў адзін шэраг. Праваабарончыя і іншыя арганізацыі падпісалі сумесную заяву з патрабаваньнем прытрымлівацца міжнародных абавязаньняў Беларусі ў сфэры сэксуальных і рэпрадуктыўных правоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG