Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ААН прызнаў частку прэтэнзій Украіны да Расеі па Данбасе


Будынак Міжнароднага суду ААН у Гаазе, Нідэрлянды
Будынак Міжнароднага суду ААН у Гаазе, Нідэрлянды

Міжнародны суд ААН 31 студзеня вынес рашэньне па пазове, які Ўкраіна падала супраць Расеі ў 2017 годзе. У заяве Ўкраіны гаварылася, што Расея парушыла міжнародныя канвэнцыі аб барацьбе з фінансаваньнем тэрарызму і аб барацьбе з расавай дыскрымінацыяй. Суд задаволіў пазоў часткова.

Украіна ў сваім пазове сьцьвярджала, што Расея фінансавала ўзброеных сэпаратыстаў у Данбасе, якіх Украіна абвінавачвае ў тэрарызьме, і адказная за іх дзейнасьць, у тым ліку за зьбіцьцё малайзійскага «Боінга» ў 2014 годзе, калі загінулі 298 чалавек. Акрамя таго, у заяве гаварылася, што Расея займаецца сыстэматычнай дыскрымінацыяй нерасейскага насельніцтва анэксаванага Крыму, найперш украінцаў і крымскіх татараў.

У сваім рашэньні суд ААН прызнаў, што Расея парушыла канвэнцыю аб барацьбе зь фінансаваньнем тэрарызму, бо не правяла расьсьледаваньня датычнасьці прадстаўнікоў «ЛНР» і «ДНР» да тэрарыстычных фармаваньняў. Аднак суд заявіў, што ў яго няма дастатковых доказаў лічыць данецкіх і луганскіх сэпаратыстаў тэрарыстамі.

Што да абвінавачаньняў у перасьледзе этнічных меншасьцяў у Крыме, суд паведаміў, што ня можа з поўнай упэўненасьцю сьцьвярджаць, што крымскіх татараў перасьледавалі менавіта па этнічнай прыкмеце, а не з палітычных матываў. Ён прызнаў, што пасьля анэксіі Крыму Расея парушае правы ўкраінскага насельніцтва паўвострава, паколькі там рэзка зьнізілася колькасьць навучэнцаў, якія навучаюцца на ўкраінскай мове.

Суд адмовіўся прысудзіць Украіне кампэнсацыі, на якіх настойваў Кіеў.

2 лютага Міжнародны суд ААН павінен вынесьці рашэньне яшчэ па адным пазове Кіева супраць Масквы — аб парушэньні Расеяй Канвэнцыі аб прадухіленьні генацыду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG