Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларускім этнолягам, былым прафэсарам Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, доктарам гістарычных навук Уладзімерам Лобачам.
0:00 — дык быў ці ня быў балцкі субстрат у этнагенэзе беларусаў
3:47 — культ камянёў і сакральнасьць вужа (зьмяі) як праявы балцкага субстрату ў культуры беларусаў
5:13 — хто прыдумаў старажытнарускую народнасьць і ці існавала яна
7:52 — на чым прыхільнікі існаваньня старажытнарускай народнасьці грунтуюць свае тэорыі
10:52 — як далёка ў мінулае народу могуць зазірнуць этнолягі, якія для гэтага ёсьць інструмэнты
13:38 — калі зьявіўся беларускі этнас
19:09 — адносна якога часу можна казаць, што беларускі этнас дакладна існаваў
Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Уладзімерам Лобачам:
— Адны археолягі не бяруцца вызначаць этнічнае (ці лінгвістычнае) паходжаньне археалягічных культур, якія яны дасьледуюць, а іншыя даволі рашуча гэта робяць. Да апошніх, напрыклад, адносіцца расейскі археоляг акадэмік Валянцін Сядоў. Ён вельмі рашуча піша, што Банцараўска-Тушамлянская культура IV—VII стагодзьдзяў, названая так паводле вёсак Банцараўшчына (пад Менскам) і Тушамля (на Смаленшчыне), зьяўляецца сынтэзам балтаў і славян, якія на тэрыторыі Беларусі пачалі зьмешвацца ўжо тады. Вы як этноляг як ставіцеся да так званага балцкага субстрату? Быў ён ці ня быў?
— Лінгвістычныя праблемы вельмі складаныя, і я ўпэўнены, што яны далёкія ад свайго канчатковага вырашэньня. Але вялікі пласт балцкай лексыкі ў беларускай мове, у беларускіх гаворках сьведчыць не пра выпадковасьць гэтых запазычаньняў, але пра іх карэнны, архаічны зьмест.
Прынамсі, на гэтым настойвае вядомы расейскі лінгвіст Уладзімір Тапароў, якія лічыў, што нельга разглядаць балтызмы ў беларускай мове як нешта, што было запазычана ў пазьнейшы час як вынік кантактаў беларускага этнасу зь літоўскім і латыскім. Бо насамрэч гэтыя словы, якія мы лічым сваімі і абсалютна карэннымі — такія як «радуніца», «талака», «вяндліна» і мноства іншых — ужо настолькі прыжыліся, што іх немагчыма адарваць ад беларускай мовы. У адрозьненьне ад пазьнейшых запазычаньняў зь нямецкай мовы — такіх, напрыклад, як «кірмаш», дзе мы выразна бачым і час, калі гэтае слова прыйшло, і сацыяльна-эканамічную абумоўленасьць яго прыходу. А тут такі спрадвечны пласт лексыкі.
Зь іншага боку, археалягічныя дадзеныя не даюць прамога адказу на моўную сытуацыю, на моўныя працэсы, іх інтэнсіўнасьць. Але можна меркаваць, што яшчэ ў часы раньняга Сярэднявечча гэтыя працэсы адбываліся вельмі інтэнсіўна.
Акрамя таго, балцкі субстрат выяўляецца ня толькі ў моўнай сфэры, але і ў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Той самы Валянцін Сядоў сьцьвярджаў, што сьведчаньнем балцкага субстрату зьяўляецца культ камянёў у беларусаў і вельмі пашанотнае, сакральнае стаўленьне да вужа (зьмяі).
І сапраўды, мы знаходзім у фальклёры і ў этнаграфічных матэрыялах шмат пацьверджаньняў гэтаму. І ёсьць простая лёгіка. Умоўна кажучы, прышлыя людзі, калі размова ідзе пра нейкую эміграцыю, перасяленьне, ня могуць перанесьці з сабой шанаваньне валуноў, якое адбываецца на гэтай прасторы. Тут павінна быць нейкая прамая пераемнасьць.
Таму, канечне, уплыў балцкіх плямёнаў, балцкай культурнай кампанэнты ёсьць і цяпер, па вялікім рахунку, нікім не аспрэчваецца. Калі, вядома, ня браць палітычныя і ідэалягічныя спробы навярнуць беларусаў у «русский мир». [...]
— Лінгвісты гавораць пра беларускую мову як вынік зьмешваньня славян з балтамі на тэрыторыі Беларусі. Таксама яны кажуць, што асноўныя асаблівасьці беларускай мовы ўзьніклі ў VIII–IX стагодзьдзях. А мова ж — гэта адна з прыкмет этнасу. Георгі Штыхаў і Міхась Ткачоў лічылі, што беларускі этнас існаваў ужо ў ХІІІ стагодзьдзі. Расейскі акадэмік Валянцін Сядоў пісаў пра ХІІІ–XIV стагодзьдзі як час узьнікненьня беларускага этнасу. Іншыя кажуць, што падзел адзінага русінскага протанароду на беларусаў і ўкраінцаў пачаўся ці пасьля Люблінскай Уніі, ці яшчэ пазьней. Так што пытаньне рубам: калі, на вашу думку, зьявіўся беларускі этнас?
— Я б устрымаўся ад такіх канчатковых высноваў. Бо так ці іначай мы экстрапалюем сваё разуменьне этнасу і этнічнасьці на вельмі сівую даўніну, калі людзі разважалі зусім іншымі катэгорыямі. Больш за тое. Нават калі мы бяром такі важны чыньнік этнасу, як мова, то калі б аўтар «Нашай Нівы» пачатку ХХ стагодзьдзя даслаў свой тэкст рэдактару цяперашняга беларускага выдавецтва, то апошні абвінаваціў бы яго ў скрайняй непісьменнасьці і іншых грахах. Што ж гаварыць пра сытуацыю з VIII, X ці XIII стагодзьдзямі.
Прыклад ноўгарадзкага дыялекту, адрознага ад афіцыйнай старажытнарускай мовы, які я раней прывёў, вельмі паказальны. Таму што аналягічныя працэсы, трэба меркаваць, адбываліся і на тэрыторыі Беларусі. Прынамсі, для гэтага былі ўсе падставы. Гэта і палітычная незалежнасьць, гэта і свой сацыяльна-гаспадарчы лад, гэта і тое, што я называю міталягемай першага — першы горад, першы князь, першы храм, першая сьвятая. Усё гэта вельмі важныя рэчы, бо, акрамя практычных вымярэньняў, яны маюць выразнае сымбалічнае значэньне для супольнасьці.
На вялікі жаль, мы ня маем дастаткова пісьмовых крыніц, ня маем таго ж Полацкага летапісу, які, напэўна, мог бы шмат на што праліць сьвятло. Бо гэта была б візія, у тым ліку і на культурную сытуацыю, адгэтуль, а ня з Кіева ці з Ноўгараду.
І яшчэ адзін важны момант. У цяперашні час этнічныя, міжэтнічныя і нацыянальныя працэсы адбываюцца значна больш хуткімі тэмпамі і значна больш дынамічна, бо цяпер вельмі адрозная эканамічная і цывілізацыйная сытуацыя. І калі мы гаворым пра Х–ХІІІ стагодзьдзі, то тады, безумоўна, усё адбывалася значна больш павольна.
Так было, у прыватнасьці, таму, што тое грамадзтва было значна больш традыцыйным і ня мела такіх мэханізмаў, як, скажам, сыстэма нацыянальнай адукацыі.
— Зь іншага боку, калі чытаеш, напрыклад, тэксты Скарыны пачатку XVI стагодзьдзя і бачыш там абсалютна сучасныя беларускія словы кшталту «дошка» ці «падлога», то бачыш, што гэта ж наша, беларускае. Але калі мы не гаворым пра канкрэтны час, калі ўзьнік беларускі этнас, то ці можам мы гаварыць хаця б пра час, калі ён ужо дакладна існаваў?
— Я мяркую, што як этнічная супольнасьць, адрозная ад суседзяў, старабеларускі этнас склаўся на працягу XIV–XV стагодзьдзяў. Бо каб старое слова трапіла на старонкі кнігі, асабліва ў тыя часы, гэта такі няпросты шлях. І мы цудоўна ведаем розьніцу паміж жывой і літаратурнай мовай.
Іншая справа, калі, напрыклад, пачытаць Статут Вялікага Княства Літоўскага, то ніякіх сумненьняў няма. Праўда, там коўдру цягнуць на сябе і ўкраінцы, але мы пазнаем там сваю мову.
І яшчэ іншая справа, што самасьвядомасьць тады была шматузроўневаю. Для Францішка Скарыны, якога вы ўзгадалі, на першым месцы была яго так званая «малая радзіма» — Полацак. Тут трэба разумець, што ў Бібліі няма выпадковых словаў, там ня можа быць легкадумных вэрбальных канструкцый. І калі ён піша, і пазначае, і падкрэсьлівае за кожным разам, што Біблія выдадзеная доктарам Францішкам Скарынам са слаўнага града Полацка, і гэта на першым месцы ў Бібліі — сьвятой кнізе, то трэба разумець, што для яго стаяла на першым месцы.
І там, дарэчы, вельмі цікавая мадэль. Ён піша пра «слаўны град Полацак» і «вялікае і старое места Праскае», дзе кніга выдаецца. Дык вось тут розьніца паміж «слаўным» і «вялікім» відавочная. «Вялікае і старое» — гэта апэляцыя да зямных і жыцьцёвых катэгорый, у той час як «слаўны град», «слава» — гэта ўжо апэляцыя да «граду Божага», гэта сымбалічная каштоўнасьць найвышэйшага парадку.
Таму тут могуць быць розначытаньні. Чалавек, які піша той старабеларускай мовай, мог самавызначацца і літвінам, і русінам. І гэтыя азы для нас як бы не зусім зразумелыя, бо ў нас цяпер ты гаворыш па-беларуску — то гэта па-беларуску, і тут усё ясна.
А там было інакш. Ён мог быць палачанінам, а калі выяжджаў за мяжу, яго называлі літвінам, і сам ён вызначаўся як літвін і «рускай» веры. Гэта такі шматузроўневы фэномэн.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.