Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН разгледзяць заяву аб зьнікненьні Марыі Калесьнікавай, сувязі зь якой няма 350 дзён


Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота
Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота

Справу Марыі Калесьнікавай разгледзіць Працоўная група ААН па гвалтоўных ці недабраахвотных зьнікненьнях.

З 29 студзеня па 2 лютага ў Жэнэве праходзіць 132-я сэсія Працоўнай групы ААН па гвалтоўных ці недабраахвотных зьнікненьнях, на якой разгледзяць паведамленьне аб зьнікненьні Марыі Калесьнікавай, паведаміла праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill.

У лістападзе 2023 году беларускія праваабаронцы з гэтай арганізацыі дапамаглі Тацяне Хоміч, сястры Марыі, накіраваць паведамленьне аб зьнікненьні Марыі Калесьнікавай у Працоўную групу ААН па гвалтоўных ці недабраахвотных зьнікненьнях з просьбай прыняць тэрміновыя меры, запытаць у Беларусі, дзе Марыя, і дабіцца для бацькі дазволу наведаць яе.

У канцы сьнежня 2023 году шэраг спэцдакладчыкаў і спэцпрацэдураў ААН, уключаючы саму Працоўную групу, а таксама Спэцдакладчыка па катаваньнях, Спэцдакладчыцы па становішчы правоў чалавека ў Беларусі, Спэцдакладчыка па свабодзе выказваньня меркаваньняў, Спэцдакладчыка па праве на здароўе, Спэцдакладчыка па свабодзе мірных сходаў і асацыяцый, накіравалі ўраду Беларусі сумесны ліст з указаньнем меркаваных парушэньняў, на які Беларусь не адрэагавала.

Праваабаронцы паведамляюць, што непасрэдны разгляд справы адбудзецца ў бліжэйшыя дні, а вынікі будуць накіраваныя беларускім уладам.

  • Марыя Калесьнікава — беларуская палітычная дзяячка, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. У 2020 годзе яна адмовілася пакідаць Беларусь, адкуль яе хацелі выштурхнуць.
  • Ужо амаль год яна ў поўнай ізаляцыі і рэжыме інкамунікада. Апошні раз Марыя тэлефанавала родным у лістападзе 2022 году, а 5 сьнежня 2022 году бацька Марыі апошні раз сустракаўся зь ёю ў мэдычнай частцы папраўчай калёніі. 2 лютага 2023 году да яе апошні раз змог трапіць адвакат. Пасьля атрыманьня ліста, датаванага 12 лютага 2023 году, ні сваякі, ні адвакаты ня могуць зьвязацца з Марыяй ужо 350 дзён.
  • Марыя адбывае 11-гадовы тэрмін у жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG