Аляксандар Лукашэнка падчас пасяджэньня Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы» заявіў пра неабходнасьць мадэрнізацыі расейскай чыгункі для павелічэньня аб’ёмаў паставак беларускай прадукцыі праз расейскія марскія парты пасьля закрыцьця лягістычных магчымасьцяў, якія існавалі на Балтыйскім моры пасьля падтрыманьня Беларусьсю расейскай агрэсіі супраць Украіны.
«Мільёны тон беларускіх грузаў пераарыентаваныя з партоў балтыйскіх дзяржаў на Санкт-Пецярбург, Мурманск, чарнаморскія парты. Але напружаньне існуе. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам месяцы тры таму абмеркавалі гэтую праблему. Ухвалілі рашэньне, што Кастрычніцкая чыгунка ў кірунку Піцера павінна больш інтэнсіўна працаваць. Там на першым этапе патрэбныя і невялікія грошы, і невялікая праца, каб аднавіць разьезды», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
На пасяджэньні Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы» ў Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што трэба актывізаваць супрацу ў сфэры імпартазамяшчэньня. Ён нагадаў пра падпісаныя ўжо дамовы аб разьвіцьці мікраэлектронных тэхналёгій, праектаваньні і вытворчасьці электроннай кампанэнтнай базы, электроннага машынабудаўніцтва, аб адзінай прамысловай палітыцы.
«Перакананы, падрыхтаваны да падпісаньня дэкрэт на справе забясьпечыць узаемнае прызнаньне тэхналягічных апэрацый. Мяркую, што ўрадам варта ў сьціслыя тэрміны зрабіць захады дзеля яго безумоўнай рэалізацыі, безь якіх-небудзь адступленьняў і выключэньняў», — сказаў Лукашэнка.
Чарговы раз Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што трэба стварыць адзіныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў, зьліквідаваць бар’еры ў сфэры дзяржаўных закупак і абмежаваньні на транзыт тавараў.
Апроч таго, ён выказаўся за стварэньне супольнага мэдыяхолдынгу для правядзеньня «ўзгодненай інфармацыйнай палітыкі».
«Ідзе магутнае інфармацыйнае супрацьстаяньне. Шмат хто называе гэта вайной. Але, дзякуй Богу, пакуль яшчэ нават у СМІ мы да вайны не дайшлі. Але супрацьстаяньне сур’ёзнае», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.