Разьвітаньне зь Мікалаем Аксамітам адбудзецца ў Ваўкавыску ў панядзелак, 29 студзеня. Цырымонія пройдзе ў залі рытуальных паслуг гарадзкой лякарні з 19 да 21 гадзіны, піша Эўрарадыё.
Мікалай Аксаміт памёр у Ваўкавыску, яму было 69 гадоў. Як стала вядома Радыё Свабода, сьмерць адбылася пасьля плянавай апэрацыі.
У 1990 годзе Аксаміт дзельнічаў у распрацоўцы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, галасаваў за абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 г. Быў сябрам камісіі Вярхоўнага Савету па культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны.
11-12 красавіка 1995 года ўдзельнічаў у галадаваньні дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб скасаваньні беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, скасаваньні статусу дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня», інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Быў жорстка пабіты падразьдзяленьнямі КДБ і МУС.