Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад зацьвердзіў канцэпцыю для вяртаньня на радзіму беларусаў, якія эмігравалі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Канцэпцыя міграцыйнай палітыкі Беларусі на 2024–2028 гады зацьверджаная пастановай Савета Міністраў ад 23 студзеня.

Дакумэнт апублікавалі 25 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

«Вынікі аналізу міграцыйнай сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь сьведчаць аб неабходнасьці павышэньня эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня міграцыяй, забесьпячэньня нацыянальных інтарэсаў у гэтай сфэры», — адзначаецца сярод іншага ў 9-старонкавай пастанове.

Падкрэсьліваецца, што «міграцыйныя працэсы адыгрываюць значную ролю ў сацыяльна-эканамічным і дэмаграфічным разьвіцьці» Беларусі, што «цягам доўгага часу міграцыйны прырост у значнай ступені кампэнсаваў натуральнае зьмяншэньне насельніцтва», аднак цяпер «назіраецца міграцыйны адток» за мяжу «грамадзян, якія выяжджаюць у мэтах занятку працоўнай дзейнасьцю і на сталае месца жыхарства».

Пры гэтым, на думку аўтараў канцэпцыі, цяперашнія тэндэнцыі ў міграцыйнай сфэры Беларусі абумоўленыя «эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі, геаграфічным становішчам», а таксама «палітычнай сытуацыяй і міграцыйнай палітыкай у суседніх краінах».

Дакумэнт піша пра неабходнасьць прыняцьця «дадатковых захадаў у стварэньні прывабных падатковых, сацыяльных і іншых умоў для ўзмацненьня прытоку ў краіну высокакваліфікаванай замежнай рабочай сілы і ўдасканаленьня мэханізмаў яе адаптацыі і інтэграцыі ў грамадзтва».

Таксама заяўляецца аб важнасьці «зьніжэньня адтоку грамадзян за межы Рэспублікі Беларусь, захаваньня кадравага патэнцыялу краіны і стымуляваньня вяртаньня грамадзян на радзіму».

Сярод асноўных кірункаў міграцыйнай палітыкі называюцца стымуляваньне «добраахвотнага перасяленьня ў Рэспубліку Беларусь на пастаяннае месца жыхарства асоб, якія маюць падобныя з народам Беларусі духоўныя каштоўнасьці», «распрацоўваньне і прыняцьце дадатковых захадаў для стымуляваньня вяртаньня беларускіх грамадзян, якія выехалі на працу» за мяжу.

У мэтах вяртаньня тых, хто выехаў на радзіму, плянуецца «правядзеньне інфармацыйных кампаній аб магчымасьцях працаўладкаваньня ў Рэспубліцы Беларусь».

«Для павышэньня эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня міграцыяй неабходна аптымізаваць напрамкі і ўзмацніць меры ўзьдзеяньня дзяржавы на міграцыйныя працэсы ў частцы забесьпячэньня станоўчага сальда вонкавай міграцыі і зьмяншэньня эміграцыі, забясьпечыць захаваньне свайго інтэлектуальнага, дэмаграфічнага і працоўнага патэнцыялу, процідзейнічаць незаконнай міграцыі, узмацніць асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі інтарэсаў у сфэры міграцыі», — гаворыцца ў дакумэнце.

Пастанова прадпісвае МУС па ўзгадненьні з КДБ, Дзяржаўным памежным камітэтам, Дзяржаўным мытным камітэтам, МЗС, Мінпрацы, Мінэканомікі, Мінспорту, Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам адукацыі і Нацыянальнай акадэміяй навук у трохмесячны тэрмін зацьвердзіць праграму рэалізацыі канцэпцыі. На гэтыя ж ведамствы ўскладзены кантроль за выкананьнем пастановы. Яна набывае моц з дня прыняцьця.

18 студзеня начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун заявіў у эфіры АНТ, што за 2021–2022 гады зь Беларусі з розных прычын выехала больш за 200 тыс. грамадзян.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў у кастрычніку мінулага году заяўляў, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020-га «за мяжу ўцяклі 350 тыс. тых, хто нас не падтрымлівае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG