Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначыліся канчаткова: якія краіны афіцыйны Менск лічыць «недружалюбнымі»


Рэпэтыцыя вайсковага параду ў Менску ў 2020 годзе. Архіўнае фота
Рэпэтыцыя вайсковага параду ў Менску ў 2020 годзе. Архіўнае фота

Намесьнік начальніка факультэту Генэральнага штабу Вайсковай акадэміі пералічыў краіны, якія ў абноўленай ваеннай дактрыне Беларусі вызначаныя як «недружалюбныя» афіцыйнаму Менску.

Абноўленая ваенная дактрына Беларусі вызначае ў якасьці «недружалюбных» афіцыйнаму Менску наступныя краіны і арганізацыі:

  • Польшчу,
  • Вялікую Брытанію,
  • ЗША,
  • Украіну,
  • краіны Балтыі і NATO.

Пра гэта заявіў у інтэрвію БЕЛТА намесьнік начальніка факультэту Генэральнага штабу Вайсковай акадэміі Беларусі палкоўнік Андрэй Багадзель.

Ён таксама агучыў, хто, паводле абноўленай ваеннай дактрыны, лічыцца саюзьнікамі афіцыйнага Менску: гэта Расея, краіны-сябры Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы і Садружнасьці незалежных дзяржаў.

Дзяржавы і арганізацыі, зь якімі Беларусь «гатовая разьвіваць адносіны», паводле Багадзеля, — краіны «глябальнага Поўдня» і Арганізацыі па супрацоўніцтве і бясьпецы ў Эўропе (АБСЭ). Варта адзначыць, што ўсе краіны, якія, паводле Багадзеля, абвешчаныя ў новай ваеннай дактрыне «недружалюбнымі», — таксама чальцы АБСЭ, як і Беларусь.

Раней начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі Арцём Буторын заявіў, што паводле новай ваеннай дактрыны Беларусь будзе разглядаць напад на сваіх хаўрусьнікаў як напад на сваю тэрыторыю.

  • Абноўленую ваенную дактрыну разгледзелі 16 студзеня ў рамках абмеркаваньня Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі на паседжаньні Савету бясьпекі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
  • Распрацоўваць праект новай дактрыны вырашылі пасьля ўхвалы новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі ў лютым 2023 году.
  • У дакумэнце, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што «Беларусь — міралюбная краіна, нікому не пагражае, але спробы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы, а тым больш пагроза прымяненьня ваеннай сілы або агрэсія будуць спыняцца з выкарыстаньнем усяго патэнцыялу дзяржавы».
  • Праект дактрыны будзе вынесены на зацьвярджэньне «Ўсебеларускага народнага сходу», які яшчэ не сфармаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG