Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакістан адказаў Ірану ракетным ударам, загінулі 7 чалавек


Удар па Сэраване ў іранскай правінцыі Сыстан
Удар па Сэраване ў іранскай правінцыі Сыстан

Вайскова-паветраныя сілы Пакістану нанесьлі ўдары ў адказ па Іране, як мяркуецца, па пазыцыях баевікоў.

У выніку нападу загінулі сама меней 7 чалавек і яшчэ больш павысілася напружанасьць паміж суседнімі краінамі, інфармуе AP.

Удары па правінцыях Сыстан і Бэлуджыстан адбыліся пасьля нападу Ірану на пакістанскую тэрыторыю 16 студзеня, тады загінулі двое дзяцей у паўднёва-заходняй правінцыі Бэлуджыстан. У Тэгеране заявілі, што атакавалі асяродак тэрарыстычнай пагрозы.

Удары ставяць пад пагрозу дыпляматычныя адносіны паміж дзьвюма суседзямі, паколькі Іран і ядзерная дзяржава Пакістан доўгі час ставіліся адзін да аднаго з падазрэньнем з нагоды нападаў баевікоў.

Перад атакай на Пакістан Іран таксама нанёс авіяўдары ўвечары 15 студзеня па паўночным Іраку і Сырыі ў сувязі з выбухам, учыненым «Ісламскай дзяржавай», у выніку якога раней у гэтым месяцы загінулі больш за 90 чалавек. Ірак адклікаў для кансультацый свайго амбасадара з Ірану.

МЗС Пакістану ахарактарызаваў свой напад як «сэрыю высока скаардынаваных і мэтанакіраваных высокадакладных ваенных удараў»:

«Гэта праява непахіснай рашучасьці Пакістану абараняць сваю нацыянальную бясьпеку ад усіх пагроз».

Некалькі паўстанцкіх груповак дзейнічаюць у Іране і Пакістане, у тым ліку суніцкая сэпаратысцкая групоўка «Джаіш аль-Адль», якая стала мішэньню Тэгерану пры яго ўдары. Усе яны маюць на мэце стварэньне незалежнага Бэлуджыстану, а раёны этнічных бэлуджаў ёсьць у Афганістане, Іране і Пакістане. Пакістанская і іранская правінцыі Бэлуджыстан, а таксама іранская правінцыя Сыстан больш за два дзесяцігодзьдзі зазнае атак нацыяналістаў-бэлуджы, якія імкнуцца аб'яднаць правінцыі трох дзяржаў у незалежную нацыянальную дзяржаву Бэлуджыстан.

Каля 7 млн бэлуджы пражываюць у Пакістане, 2 млн у Іране, каля 600 тыс у Афганістане. Акрамя таго, каля паўмільёна бэлуджы жывуць у Амане і каля 40 тыс у Туркмэністане. Абсалютная бальшыня вызнае іслам суніцкага кірунку, меншасьць — індуізм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG