Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чат беларусаў Гданьску захапілі сілавікі? Вэрсія адміністратара і парады экспэрта


Панарама Гданьска. Ілюстрацыйнае фота
Панарама Гданьска. Ілюстрацыйнае фота

Беларусы за мяжой ствараюць лякальныя чаты для ўзаемадапамогі і камунікацыі. Па чутках, адзін зь іх нядаўна мог перайсьці пад кантроль беларускіх сілавікоў.

Вакол аднаго з эмігранцкіх чатаў, «Беларусы ў Гданьску», удзельнікамі якога былі каля 5 тысяч чалавек, днямі разгарэўся скандал. Адзін з адміністратараў заявіў, што чат можа знаходзіцца пад кантролем беларускіх сілавікоў, бо ягоная стваральніца і ўласьніца вярнулася ў Беларусь. На гэты момант чат стаў прыватным. Удзельнікі супольнасьці хвалююцца: што ўвогуле адбываецца, ці ня трапілі іхныя зьвесткі ў рукі сілавікоў?

Нэўтральны чат без палітыкі

Беларус Вячаслаў (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) зьдзіўлены навіне пра магчымы захоп чату «Беларусы ў Гданьску» ў мэсэнджары Telegram.

«Той чат быў на 5 тысяч чалавек. Ёсьць і іншыя чаты з такой жа назвай. Мне ён не падабаўся, бо там панічна баяліся «палітыкі», любы допіс з заклікам на акцыю салідарнасьці ці нейкі перадрук адразу ж выдаляліся, людзей банілі. Навошта такі чат захопліваць? Там толькі і пісалі, што «селядзец у Польшчы нясмачны», «зэфіру няма, маянэз паганы», — кажа суразмоўца.

Ён таксама дадае, што ў згаданым чаце сядзелі «адны пуціністы і лукашысты». «Нас, хто хадзіў у Гданьску на акцыі салідарнасьці, яны называлі „вар’ятамі-нэптуністамі“ — ад месца збору на акцыі каля фантану „Нэптун“», — тлумачыць Вячаслаў.

Вэрсія адміністратара

Пасьля паведамленьняў аб магчымым захопе чату «Беларусы ў Гданьску», частка яго ўдзельнікаў стварыла новы з такой жа назвай. Адзін з адміністратараў напісаў, што мае падазрэньні наконт уласьніцы ранейшай суполкі. Ён сьцьвярджае, што без узгадненьня зь ім правы адміністраваньня былі перададзеныя іншаму чалавеку.

«Пры камунікацыі зь Яўгеніяй (імя ўласьніцы чату. — РС) узьніклі падазрэньні празь неадпаведнасьць выразаў, рэакцый. Яна раней сядзела пастаянна ў Telegram, цяпер жа стала зьяўляцца толькі раз на дзьве гадзіны. Напрыклад, 17:00–17:20 па Менску, потым 19:00–19:20 па Менску. Тэндэнцыя была відавочная, можна было падумаць, што дзяжураць», — напісаў адміністратар у суполцы.

Свабода пагутарыла зь іншым адміністратарам эмігранцкага чату. Васіль (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) кажа, што 10 студзеня ў дыяспары беларусаў у Гданьску зьявілася інфармацыя, што ў аднаго з адміністратараў чату прайшоў вобшук і правы адміністратара былі перададзеныя сілавікам.

«Потым адміністратар другога чату „Беларусы ў Гданьску“ пачаў супастаўляць атрыманую інфармацыю і падазроныя дзеяньні ўласьніцы, якая вярнулася ў Беларусь. Яна недзе ў 2021 годзе пераехала ў Гданьск, мела тут невялікую краму. Але, відаць, нешта не атрымалася і яна вярнулася», — тлумачыць Васіль.

Ён кажа, што ніхто, апроч самой Яўгеніі, ня можа сказаць, на волі яна ці затрыманая.

«Яна нібыта зьявілася ў чаце, які цяпер стаў прыватным, і напісала, што ўсё зь ёй у парадку. Што яна ў Беларусі, на волі. Заклікала беларусаў не кідаць чат, дапамагаць, як і раней, адзін аднаму. Але я ня веру, што гэта яна», — дадае адміністратар чату.

У паведамленьні чалавек зь нікам «Яўгенія» піша, што яна стваральніца чату, сама цяпер у Беларусі. І дадае, што ні ад кога не хаваецца, суполка была створаная дзеля дапамогі, там няма палітыкі ці экстрэмізму.

Бясьпечных тэмаў цяпер проста не існуе

Экспэрт ініцыятывы «Кібэрбабёр» Аляксандар (імя зьмененае. — РС) нагадвае, што беларускае заканадаўства не забараняе ствараць суполкі ў Telegram ці абмяркоўваць там розныя тэмы. Але зазначае, што ў Беларусі «часам не да законаў». Нягледзячы на тое, што суполка была нэўтральнай, з забаронай на «палітыку», яна магла прыцягнуць увагу сілавых структураў Беларусі.

«Можна засьцерагацца, не пісаць на нейкія небясьпечныя тэмы, але ніхто сёньня ня дасьць гарантыі, што заўтра гэтую суполку не прызнаюць „экстрэмісцкай“. Бясьпечных тэмаў цяпер, можа быць, не існуе. Адміністратары суполак могуць быць мішэнямі для спэцслужбаў, значыць, яны мусяць быць гатовымі да ціску. Калі сабраліся ехаць у Беларусь, то пэўныя паўнамоцтвы ў суполцы трэба перадаць таму, хто ў бясьпецы», — лічыць Аляксандр.

Ён нагадвае, што ананімнасьць у інтэрнэце — «рэч вельмі ўмоўная», а пад «экстрэмізм», які трактуецца ў Беларусі вельмі шырока, можна падвесьці што заўгодна. Аляксандар кажа, што ў чаце на 5 тысяч чалавек могуць быць розныя людзі, таму важна наладзіць свой акаўнт такім чынам, каб абараніць сябе.

«Цяпер у СМІ шмат гісторый, як сілавыя органы ідэнтыфікуюць людзей, калі, скажам, прасочаць гісторыю акаўнта ў Telegram, які раней быў зарэгістраваны на сапраўднае імя, на беларускі нумар. Гэта ўсё значна палепшыць ідэнтыфікацыю», — тлумачыць экспэрт.

Пры магчымым захопе чату да «органаў» можа трапіць сьпіс удзельнікаў суполкі. «І тады яны могуць праверыць сьпіс і ідэнтыфікаваць таго, каго змогуць, зь неабароненым акаўнтам. Адна з мэтаў — перашкодзіць людзям аб’ядноўвацца за мяжой паводле сваіх інтарэсаў», — лічыць Аляксандар.

Ініцыятыва «Кібэрбабёр» склала рэкамэндацыі для адміністратараў тэлеграм-каналаў. Асноўныя зь іх наступныя:

  • выкарыстоўваць іншы, не асабісты, акаўнт для адміністраваньня;
  • абараніць акаўнт (абавязковая двухфактарная аўтэнтыфікацыя, небеларускі нумар);
  • выкарыстоўваць VPN;
  • перадаць правы ўладальніка даверанаму чалавеку за межамі Беларусі;
  • не спампоўваць архівы і іншыя файлы ад незнаёмых людзей;
  • не пераходзіць па незнаёмых спасылках.

Цалкам рэкамэндацыі можна пабачыць па спасылцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG