Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнік КДБ далучыўся да онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўнівэрсытэту: «Усе пад кантролем»


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску

Сёньня падчас онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўнівэрсытэту далучыўся намесьнік начальніка Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак, які паведаміў удзельнікам, што «ўсе пад кантролем».

Пра гэта расказаў у сваім фэйсбуку колішні кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч.

«Мы ведалі, што робім добрую справу для краіны, але цяпер у нас проста няма сумневаў, — піша Мілінкевіч. — Пры наборы студэнтаў і правядзеньні заняткаў у нашым праекце мы выкарыстоўваем усе сучасныя захады бясьпекі, але ня можам сказаць, хто з абітурыентаў зьяўляецца супрацоўнікамі службаў або іх інфарматарамі. Аднак было б добра, каб і беларускія сілавікі павысілі ўзровень ведаў пра сучасны эўрапейскі досьвед рэформаў і трансфармацыі. Можа, тады яны сталі б ініцыятарамі пазытыўных зьменаў у дзяржаве, дзе замест разьвіцьця прапануецца выжываньне».


Як нагадвае «Наша ніва», Вольны беларускі ўнівэрсытэт улады пакуль не прызнавалі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ён выконвае ролю апэратара адаптаваных для Беларусі праграм, створаных і рэалізаваных разам з заходнімі партнэрскімі ўнівэрсытэтамі.

У лістападзе Канстанцін Бычак падключыўся да сэмінару «Бясьпечная Беларусь. Формы і мэтады абароны грамадзтва», які праходзіў у Варшаве з удзелам беларускіх эмігрантаў, і заклікаў іх «прыйсьці і пакаяцца» ў беларускія «кампэтэнтныя органы».

Хто той супрацоўнік КДБ Канстанцін Бычак

Да 2020 году Канстанцін Бычак быў мала вядомы беларускай публіцы. Чалавек з такімі дадзенымі ў 2013 годзе праводзіў сьледзтва ў справе ксяндза Ўладзіслава Лазара, затрыманага за «здраду дзяржаве». Пасьля ксяндза адпусьцілі.

У разгар пратэстаў у 2020 годзе Бычак, які тады працаваў начальнікам аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ, заявіў па тэлеканалу «Беларусь-1», што дзеяньні ўдзельнікаў маршаў, «накіраваныя на дэстабілізацыю грамадзкага парадку», КДБ будзе трактаваць як «акты тэрарызму».

У ліпені 2020 году Бычак выступаў па тэлевізары з заявай аб доказах віны фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» на чале зь Віктарам Бабарыкам.

Пасьля выкраданьня Марыі Калесьнікавай ў верасьні 2020 году яна расказала журналістам, што мела гутарку з высокімі чынамі міліцыі і КДБ, у ліку якіх быў і Бычак. «Яго цікавілі ўсе актыўнасьці — напісаньне тэкстаў выступаў, удзел у Каардынацыйнай радзе», — казала Калесьнікава.

Цяпер Бычак — намесьнік начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ, на дзяржаўнай тэлевізіі ён часта камэнтуе палітычныя справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG