Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прайшоў другі дзень Сьвятланы Ціханоўскай на форуме ў Давосе


Выступ Сьвятланы Ціханоўскай у дыскусіі ў межах Міжнароднага эканамічнага форуму ў Давосе, 15 студзеня 2024
Выступ Сьвятланы Ціханоўскай у дыскусіі ў межах Міжнароднага эканамічнага форуму ў Давосе, 15 студзеня 2024

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская другі раз бярэ ўдзел у Давоскім эканамічным форуме.

Сёлета форум праходзіць з 15 да 19 студзеня. «Белсат» паведамляе, пра што яна і яе дарадцы гаварылі на ім сёньня.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што Беларусь цяпер «губляецца» ня толькі за вайной ва Ўкраіне, але і за вайной у сэктары Газа і пагрозай вайны на Тайвані. Але дэмакратычныя сілы нагадваюць, што «Беларусь — таксама частка раўнаньня», што падзеі ва Ўкраіне і ў Беларусі зьвязаныя, што калі цяпер не спыніць Аляксандра Лукашэнку і Ўладзіміра Пуціна, то гэтая вайна потым прыйдзе ў іншыя краіны».

Ціханоўская выступала на дыскусіі («сайд-івэнце») з прэзыдэнтамі Польшчы і Вугоршчыны, прэм’ер-міністрам Харватыі і міністрам замежных справаў Украіны, гаварыла пра бясьпеку ў рэгіёне і ролю Беларусі — хацела давесьці, што Беларусь трэба «выцягнуць з вайны». Яшчэ адзін выступ Ціханоўскай быў на дыскусіі пра свабоду мэдыя з удзелам рэдактараў уплывовых выданьняў сьвету. Асобная дыскусія была пра Беларусь з удзелам беларускіх эканамістаў — пра будучыню Беларусі пасьля Лукашэнкі, пра неабходныя рэформы.

Ціханоўскую, са словаў Вячоркі, запрасілі на прыём да генэральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, на ўрадавы прыём да ўраду Катару, на нефармальныя сустрэчы зь лідэрамі краінаў Афрыкі. Таксама Ціханоўская сустрэлася з Уільямам Браўдэрам, брытанскім інвэстарам, дырэктарам «Hermitage Capital Management» і ініцыятарам амэрыканскага «акту Магніцкага», і з прэзыдэнтам Канфэрэнцыі эўрапейскіх рабінаў Пінхасам Гольдшмітам.

У размове з Гольдшмітам Ціханоўская выказала спачуваньне ахвярам вайны супраць ХАМАСу, а таксама словы падтрымкі сем’ям закладнікаў. Ціханоўская расказала, што ад самага пачатку вайны Народная амбасада Беларусі ў Ізраілі актыўна падтрымлівала цывільных ахвяраў атакі ХАМАСу.

Сьвятлана Ціханоўская і Пінхас Гольдшміт абмеркавалі недапушчальнасьць заяваў рэжыму Лукашэнкі ў падтрымку ХАМАСу.

Гольдшміт выказаў спадзяваньне, што Ціханоўская зможа наведаць Ізраіль, як толькі гэта будзе магчыма, і таксама выказаў гатоўнасьць падтрымаць такі візыт.

Сярод іншага Ціханоўская ў інтэрвію Reuters расказала пра леташнюю сустрэчу на форуме з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Сустрэча была неафіцыйная і кароткая, але, паводле Ціханоўскай, «было добра паглядзець у вочы адно аднаму».

Да афіцыйнай камунікацыі зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі ва Ўкраіне ставяцца «хутчэй асьцярожна», адзначыла Ціханоўская. З аднаго боку, яна называе гэта зразумелым: можа, у кіраўніцтве Ўкраіны ня хочуць «раздражняць дыктатарскі рэжым», каб той ня ўвёў беларускае войска ва Ўкраіну. З другога боку, Ціханоўская чакае, калі кіраўніцтва Ўкраіны будзе гатовае да сустрэчы.

Яна выказала ўпэўненасьць у тым, што ўкраінская нацыя ніколі не прабачыць Лукашэнку, і паабяцала, што будзе падтрымліваць Украіну і ўкраінцаў незалежна ад наяўнасьці ці адсутнасьці палітычных сустрэчаў. Але яна ўжо пабачыла знакі таго, што Ўкраіна гатовая камунікаваць на ўзроўні дарадцаў у замежных справах.

У гэтым інтэрвію Ціханоўская таксама расказала пра «дзіркі» ў санкцыях: калі адносна Расеі больш санкцыяў наклалі на імпарт, то адносна Беларусі — на экспарт. Але тавары зь Беларусі навучыліся экспартаваць пад маркамі іншых краінаў, гэтаксама як навучыліся пастаўляць падсанкцыйныя тавары ў Расею праз трэція краіны. Ціханоўская заклікала «выраўняць» санкцыі адносна Беларусі і Расеі, каб перашкодзіць гэтаму.

У інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Associated Press (АР) Ціханоўская адзначыла, што цяпер Беларусь ня ў цэнтры міжнароднай увагі, таму даводзіцца «грукаць у шмат дзьвярэй», цяжка даносіць свой парадак дня.

«Беларусь цяпер як суцэльная турма, — так Ціханоўская апісала сытуацыю ў інтэрвію AP. — І рэжым цяпер прадае нашую незалежнасьць і сувэрэнітэт Расеі, і нашая першачарговая задача — выратаваць нашую нацыю, выратаваць наш сувэрэнітэт».

Беларусы, запэўніла яна, выбралі праэўрапейскі шлях разьвіцьця.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG