Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне завочна будуць судзіць ураджэнца Беларусі, які перайшоў на бок Расеі, удзельнічаў у фільтрацыі і пашпартызацыі


На ўезьдзе ў Чаплынку Херсонскай вобласьці да яе акупацыі Расеяй. Ілюстрацыйнае фота
На ўезьдзе ў Чаплынку Херсонскай вобласьці да яе акупацыі Расеяй. Ілюстрацыйнае фота

За добраахвотную працу на пасадах у незаконных праваахоўных органах, створаных на часова акупаваных тэрыторыях, яму пагражае ад 10 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Сьледчыя органы Ўкраіны атрымалі дазвол суду на правядзеньне завочнага дасудовага расьсьледаваньня датычна да ўраджэнца Беларусі, які да пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня жыў у сяле Далінскае Кахоўскага раёну Херсонскай вобласьці і пасьля захопу гэтага рэгіёну расейскімі войскамі добраахвотна пайшоў служыць у мясцовую «паліцыю».

Грамадзяніну Ўкраіны, які нарадзіўся ў вёсцы Пагодзіца Барысаўскага раёну Менскай вобласьці, інкрымінуюць ч. 7 артыкулу 111-1, ч. 2 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу («Добраахвотная праца на пасадах у незаконных судовых або праваахоўных органах, створаных на часова акупаваных тэрыторыях» і «Дзяржаўная здрада»). Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.

Згодна з матэрыяламі сьледзтва, ураджэнец Беларусі ў ліпені 2022 году напісаў заяву на службу ў Чаплынскім раённым аддзяленьні «паліцыі» Кахоўскага раёну Херсонскай вобласьці, на пасадзе «часова выканаўцы абавязкаў спэцыяліста групы тылавога забесьпячэньня». Такім чынам, сьцьвярджаюць сьледчыя, ён «спрыяў дзяржаве-агрэсарцы Расеі ўзмацняць захады акупацыі Херсонскай вобласьці».

У верасьні 2022 году ён перавёўся на пасаду «паліцэйскага кіроўцы асобнага ўзводу патрульна-паставой службы паліцыі».

Сьледчыя сьцьвярджаюць, што на службе ў незаконных «праваахоўных органах» ураджэнец Беларусі перадаваў расейцам інфармацыю аб месцах пражываньня і знаходжаньня вэтэранаў Антытэрарыстычнай апэрацыі, заклікаў мясцовых жыхароў да супрацы з акупацыйнай уладай і дапамагаў ёй праводзіць пашпартызацыю ўкраінцаў, а таксама ў складзе паліцэйскіх груп удзельнічаў у правядзеньні фільтрацыйных мерапрыемстваў датычна цывільнага насельніцтва.

Гэта ня першы выпадак, калі ўраджэнцы Беларусі або этнічныя беларусы, якія даўно жылі на тэрыторыі Ўкраіны і мелі ўкраінскі пашпарт, пераходзяць на бок акупацыйных уладаў пасьля захопу расейскімі войскамі некалькіх украінскіх рэгіёнаў.

У сьнежні 2023 году стала вядома аб ураджэнцы Беларусі, якая добраахвотна пагадзілася працаваць дыспэтчарам пажарна-ратавальнай часткі, створанай у Лімане ў падпарадкаваньні акупацыйных уладаў і так званай «ДНР».

Летась Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла ў вышук этнічную беларуску, грамадзянку Ўкраіны Галіну Кацюшчанку, якая ачоліла створаную расейскай акупацыйнай уладай так званую «Цэнтральную выбарчую камісію» Запароскай вобласьці і правяла незаконны рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі захопленых расейскай арміяй украінскіх тэрыторый рэгіёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG