Пра перавод Рыгора Кастусёва на турэмны рэжым у сваім фэйсбуку напісаў зяць палітыка Зьміцер Антончык, які зь сям’ёй жыве ў Польшчы.
«Паседжаньне праходзіла па відэасувязі. Калі і куды пераводзяць, пакуль не вядома», — напісаў Антончык.
Падчас зьняволеньня ў Кастусёва выявілі анкалягічнае захворваньне, улетку яму рабілі чарговае дасьледаваньне, але выніку так і не паведамілі.
Суд не прыняў цяжкую хваробу палітычнага зьняволенага пад увагу і ўсё адно прызначыў перавод на турэмны рэжым.
Якое лячэньне аказваюць яму ў ПКТ калёніі, вядомай як «Ваўчыныя норы», невядома.
У студзені споўнілася 1000 дзён, як Кастусёва зьняволілі ўлады.
- Кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году, былога старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў 2022 годзе асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня праз абвінавачаньне ў змове з мэтай захопу ўлады.
- 17 красавіка Рыгору Кастусёву споўніцца 67 гадоў.
- Пакараньне палітык адбывае ў калёніі «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі.
- У лістападзе 2023 году Рыгора Кастусёва як «парушальніка рэжыму» зьмясьцілі на паўгода ў памяшканьне камэрнага тыпу з больш жорсткімі, чым у атрадзе калёніі, умовамі ўтрыманьня.