Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бастыён «русского мира», дзе працуе «Спутник» і які ўзначальвае генэрал-маёр. Што такое «Дом Масквы» ў Менску


«Дом Масквы» ў Менску. Каляж
«Дом Масквы» ў Менску. Каляж

Установа пачыналася з нэўтральных эканамічных і культурных мерапрыемстваў, цяпер жа там расказваюць пра «вызваленьне» Данбасу і праводзяць «Дні Крыму».

Ружовы будынак «Дому Масквы» знаходзіцца ў адным з самых маляўнічых куткоў Менску: на ўзвышшы над Сьвіслаччу. Побач гатэль «Беларусь», некалькі сквэраў, царква ў гонар Марыі Магдаліны; недалёка — Траецкае прадмесьце і праспэкт Пераможцаў.

Будынак пачалі ўзводзіць у 2007 годзе. Ідэя належала тагачаснаму маскоўскаму мэру Юрыю Лужкову. Але ішло гэта ў цэлым комплексе зь іншымі будаўнічымі праектамі.

Будаўніцтва зацьвярджаў Лукашэнка

15 чэрвеня 2007 году Лужкоў прадставіў Лукашэнку эскізы шэрагу будынкаў — «дома Масквы», кварталу «Маскоўскі» на праспэкце Дзяржынскага, а таксама забудовы раёну Лебядзіны. Лукашэнку ўсё спадабалася. Больш за тое, ён нават сказаў, што «дом Масквы» стане «ўпрыгожаньнем беларускай сталіцы».

Лужкоў абяцаў, што гэта будзе чатырохпавярховы будынак з кінаканцэртнай заляй на 300 месцаў, бібліятэкай, выставачнай заляй, кавярняй, міні-гатэлем. Таксама там павінна было разьмяшчацца прадстаўніцтва ўраду Масквы ў Беларусі.

Каля Дома Масквы ў Менску, 2009
Каля Дома Масквы ў Менску, 2009

Узводзіць «Дом Масквы» пачалі на вуліцы Камуністычнай. Раней на гэтым месцы стаялі невысокія дамкі з пасьляваеннай забудовы. Напрыклад, адтуль выселілі Цэнтар пазашкольнай працы, дзе працавалі харэаграфічныя і музычныя студыі, тэатральныя гурткі.

«Выглядае вельмі па-маскоўску»

Архітэктарам «Дома Масквы» стаў Юры Грыгор’еў (памёр у 2019-м). Гэта ўраджэнец Ленінградзкай вобласьці, які ад 1974 да 1986 гадоў быў галоўным архітэктарам Менску. Ён быў аўтарам такіх будынкаў, як Дом літаратара ў Менску, крыты каток у парку Горкага і іншых. На той момант ён быў намесьнікам галоўнага архітэктара Масквы.

Адкрыцьцё адбылося ў ліпені 2009 году. Праўда, надзвычай прадстаўнічым яно не атрымалася. Не было ні Лукашэнкі, ні Лужкова. Беларускі бок прадстаўляў тагачасны кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька, а расейскі — першы намесьнік мэра Масквы Ўладзімір Рэсін.

«Ён выглядае вельмі па-маскоўску. Больш за тое, чырвоны асабняк зь белымі калёнамі і зялёным дахам вельмі падобны да будынку маскоўскай мэрыі на Цьвярской, 13», — пісала «Российская газета» ў рэпартажы пра адкрыцьцё.

Першасная задача «Дома Масквы» вызначалася як пляцоўка для правядзеньня перамоваў між расейскімі і беларускімі бізнэсоўцамі. Культурніцкія імпрэзы першапачаткова ня мелі выразнай ідэалягічнай афарбоўкі.

Ад Старыкава да Шумчанкі

З пачаткам вайны ва Ўкраіне ў 2014 годзе сытуацыя пачала мяняцца.

У лістападзе 2015 году Менск наведваў пісьменьнік-кансьпіроляг, адзін з ідэолягаў «русского мира» Мікалай Старыкаў. Сустрэча зь ім мелася адбыцца ў гасьцініцы «Беларусь», але пасьля скаргаў грамадзкасьці яе скасавалі. Урэшце ў якасьці пляцоўкі выступіў якраз «Дом Масквы».

Тады ж маладафронтаўцы патузаліся з прадстаўнікамі беларускіх прарасейскіх арганізацый, такімі як Сяргей Лушч, Пётр Шапко, Дзьмітрый Лемяшонак і іншыя. Маладафронтаўцаў вывелі з будынку сілай.

Дом Масквы ў Менску, 2016
Дом Масквы ў Менску, 2016

У 2016 годзе ў «Доме Масквы» запрацавала рэдакцыя сайту «Sputnik Беларусь» — частка расейскай прапагандысцкай мэдыягрупы Russia Today. На адкрыцьці асабіста прысутнічалі міністарка інфармацыі Лілія Ананіч і кіраўнік Russia Today Дзьмітрый Кісялёў.

Пры гэтым здаралася, што «Дом Масквы» прымаў і незалежныя мерапрыемствы. У кастрычніку 2017 году там прайшоў форум «Беларусь — краіна для бізнэсу», які праводзіў лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка. Ён тлумачыў, што пляцоўка прапанавала ім свае паслугі пасьля таго, як адмовілі гасьцініцы «Беларусь» і «Вікторыя». Сам Шумчанка ня бачыў у гэтым ніякага ідэалягічнага кантэксту.

Хто ўзначальвае

На сёньняшні дзень «Дом Масквы» ўзначальвае генэрал-маёр запасу Алег Жанавіч Чарнавус. Ён родам зь Менску, але сваё жыцьцё зьвязаў з Расеяй.

Гэта прафэсійны вайсковец. У свой час ён быў паручэнцам кіраўніка Паветрана-дэсантных войскаў Расеі Ўладзіміра Шаманава. У 2010 годзе Чарнавус быў у адным аўто з Шаманавым, калі яны трапілі ў аварыю ў Тульскай вобласьці. Пазьней Шаманава асабіста наведваў у бальніцы Ўладзімір Пуцін.

Дом Масквы ў Менску, 2009
Дом Масквы ў Менску, 2009

Сам Чарнавус у той аварыі атрымаў страсеньне мазгоў. Вайсковец спачатку быў у рэанімацыі, але жыцьцю нічога не пагражала. Чарнавус таксама служыў у 205-й брыгадзе ў Будзёнаўску на Паўночным Каўказе.

У адным з інтэрвію Чарнавус зь непаразуменьнем казаў пра тое, што беларуская моладзь успрымае Расею як замежную краіну. Таксама ён шмат крытыкаваў Украіну, найперш за тое, што там зносілі помнікі савецкай эпохі.

Хто прыходзіў з чыноўнікаў

Аляксандар Лукашэнка «Дом Масквы» не наведваў. А вось іншыя чыноўнікі бываюць там рэгулярна. У 2019 годзе фан-дом («фанацкі дом», пляцоўку для заўзятараў) зборнай Расеі ў «Доме Масквы» падчас ІІ Эўрапейскіх гульняў адкрываў старэйшы сын Лукашэнкі Віктар. Разам зь ім на адкрыцьці быў міністар спорту Сяргей Кавальчук.

Бывалі там і міністар замежных спраў Уладзімер Макей, і кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка, і міністры інфармацыі і культуры, старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў.

Завітваў у «Дом Масквы» і мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел.

«Дні Крыму» і «Звычайны нацызм»

На сёньня «Дом Масквы» стаў адным з асяродкаў прасоўваньня ідэй «русского мира» ў Беларусі. У сьнежні 2023 году там адкрылі выставу «Звычайны нацызм», прысьвечаную «злачынствам украінскіх нэанацыстаў».

«Сярод экспанатаў прысутнічаюць узоры ўзбраеньня краін NATO, а таксама прадметы, якія пацьвярджаюць мэтанакіраваную палітыку кіеўскага рэжыму па зьнішчэньні праваслаўных храмаў. Найбольш эмацыйная частка экспазыцыі — інсталяцыя „Зьнішчаная УСУ гарадзкая інфраструктура населеных пунктаў Данбасу“, якая перадае пакуты і жах вайны, перанесеныя жыхарамі Марыюпалю, Лісічанску, Рубежнага, Валнавахі і іншых гарадоў», — гаварылася ў апісаньні выставы.

У тым самым сьнежні ў «Доме Масквы» прайшла іншая канфэрэнцыя аб захоўваньні, падтрымцы і прасоўваньні расейскай культуры і мовы за мяжой.

«Роля расейскай мовы і расейскай культуры ў сучасных умовах становіцца ўсё больш значнай у сувязі з пастаяннымі зьменамі, што адбываюцца ў нашым сьвеце. Наша агульная задача — не разгубіць багацьце расейскай мовы і культурнай спадчыны, а павялічыць і захаваць», — гаварылася ў кароткім рэзюмэ канфэрэнцыі, у якой бралі ўдзел беларускія пэдагогі.

У ліпені 2023 году ў «Доме Масквы» праходзілі «Дні Крыму». Сярод іншага, там гаварылі пра турыстычныя перавагі паўвострава, абмяркоўвалася эканамічная супраца. Таксама там адбылася выстава, прысьвечаная маніфэсту Кацярыны ІІ аб далучэньні Крыму, Кубані і Тамані да Расеі.

У гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны «Дом Масквы» арганізаваў сустрэчу для студэнтаў Інстытуту памежнай службы, Вайсковай акадэміі, Акадэміі МУС, Акадэміі МНЧ, вайсковага факультэту БДУ. Будучым сілавікам дэманстравалі фільм «Дзе праходзіць мяжа» пра Данбас.

Рэгулярна на мерапрыемствы ў «Дом Масквы» завозяць выхаванцаў Менскай сувораўскай вучэльні, а таксама навучэнцаў іншых школ і гімназій сталіцы. Працу «Дому Масквы» апошнім часам сталі актыўна асьвятляць дзяржаўныя СМІ.

Дзе яшчэ ёсьць «Дамы Масквы»

Апроч Менску, «Дамы Масквы» дзейнічаюць яшчэ ў Ерэване (Армэнія), Сафіі (Баўгарыя) і Сухумі (не прызнаная ў сьвеце Абхазія).

У Вільні (Літва) «Дом Масквы» не пасьпелі дабудаваць. У 2022 годзе суд дазволіў яго зьнесьці, але гарадзкія ўлады пакуль што гэтага не зрабілі.

У Рызе «Дом Масквы» толькі што, 11 студзеня 2024 году, пастанавілі перадаць ў дзяржаўную ўласнасьць Латвіі. У заяве латвійскага парлямэнту гаворыцца, што гэтая прастора выкарыстоўвалася для «апраўданьня агрэсіўных дзеяньняў і пракрамлёўскай інтэрпрэтацыі гісторыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG