Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дом Масквы», «Расейскі дом». Лукашэнка зноў заклікаў бараніць расейскую мову. Пералічваем, хто гэтым ужо займаецца ў Беларусі


«Дом Масквы» ў Менску. архіўнае фота
«Дом Масквы» ў Менску. архіўнае фота

Лукашэнка занепакоены статусам расейскай мовы ў краінах СНД, аб чым паведаміў на нядаўнім саміце арганізацыі. Там жа прынялі заяву аб стварэньні новай міжнароднай арганізацыі па яе абароне.

«А паглядзіце ж на моладзь у нашых рэспубліках. Многія размаўляюць на расейскай мове горш і слабей, чым на ангельскай і іншай», — сказаў Лукашэнка.

10 кастрычніка ён падпісаў указ аб ухваленьні дзейнасьці новастворанай арганізацыі. Яго тэкст яшчэ не апублікаваны.

Пры гэтым у Беларусі зарэгістраваныя і працуюць дзясяткі арганізацый, якія проста ці ўскосна бароняць расейскую мову. Расказваем пра асноўныя зь іх.

«Дом Масквы»

Будынак месьціцца на вуліцы Камуністычнай, 86 і мае некалькі вялікіх заляў, дзе ладзяцца рознага кшталту мерапрыемствы. Сярод мэтаў дзейнасьці гэтай адзінкі «актыўная гуманітарная і адукацыйная дзейнасьць, мэтай якой зьяўляецца падтрымка расейскай мовы і расейскай культуры». Так адзначана на афіцыйным сайце.

Сярод падзей, якія папулярызуюць расейскую мову, сёлета ў «Доме Масквы» праходзіла сустрэча з пэдагогамі-русістамі Беларусі, прыём заявак на конкурс чытальнікаў «Жывая клясыка», у якім удзельнічаюць дзеці ва ўзросьце 10-17 гадоў.

Падобныя «Дамы Масквы» цяпер працуюць у Сафіі, Ерэване і Сухумі, але спынілі сваё існаваньне ў Кіргізстане і Рызе.

«Расейскі дом»

Цяпер у Беларусі ўжо тры «Расейскія дамы». Працуюць у Менску, Гомлі і Берасьці. Гэта патранажныя арганізацыі расейскага «Россотрудничества» (фэдэральнае агенцтва ў справах СНД, «суайчыньнікаў, якія жывуць за мяжой», і ў міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве. — РС).

Сярод афіцыйных мэтаў арганізацыі — прасоўваньне расейскай адукацыі, навукі і культуры, умацаваньне пазыцый расейскай мовы, гісторыка-мэмарыяльная дзейнасьць.

Узначальвае «Расейскі дом» Яўген Прымакоў, унук таго самага Прымакова, які кіраваў расейскім урадам у 1998-1999 гадах. Сярод іншага «Расейскі дом» у Беларусі актыўна рэклямуе вышэйшую адукацыю для беларусаў у Расеі, арганізоўвае туры ў Расею для школьнікаў, ладзіць для іх конкурсы.

Расейскі «НОД» і няствораныя прарасейскія партыі

Таксама ў Беларусі дзейнічаюць арганізацыі, якія ставяць сваёй мэтай падтрымку Расеі і расейскай культуры. Адна зь іх — «НОД» (расейскі Нацыянальна-вызваленчы рух. — РС). Гэтая групоўка налічвае няшмат прыхільнікаў, але прыкметная радыкальнымі выказваньнямі. Напрыклад, 8 жніўня актывісты гэтай групоўкі правялі пікет у Гародні, дзе патрабавалі далучыць Беларусь да Расеі.

Яны ж трымалі перавернуты афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг. Ці пакаралі кагосьці з удзельнікаў за зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі, невядома.

У траўні 2021 году ў Беларусі імкнуліся зарэгістраваць прарасейскую партыю «Саюз» на чале зь Сяргеем Лушчом — гэта колішні стваральнік «славянскага патрыятычнага блёку» скінхэдаў, быў кіраўніком прарасейскай арганізацыі «Русь маладая». Беларускае Міністэрства юстыцыі адмовіла «Саюзу» ў рэгістрацыі.

Паўтара дзясятка «саюзаў суайчыньнікаў»

На сайце расейскай амбасады пералічаныя зарэгістраваныя арганізацыі «расейскіх суайчыньнікаў у Беларусі». У сьпісе больш за паўтара дзясятка арганізацый, многія зь якіх прасоўваюць расейскую культуру і мову ў Беларусі.

Напрыклад, Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Расейскае таварыства». Сярод афіцыйных мэтаў — захаваньне і разьвіцьцё расейскай культуры і традыцый, вывучэньне расейскай мовы, захаваньне яе чысьціні. А таксама выхаваньне дзяцей і моладзі на лепшых прыкладах з расейскай гісторыі і нашага часу". Мае шэсьць зарэгістраваных адгалінаваньняў па ўсёй Беларусі.

У Віцебску працуе «Расейскі культурны цэнтар «Русь», якія мае на мэце «захаваньне адзінай адукацыйнай прасторы Расеі і Беларусі, узьяднаньне рускага народу».

У Магілёве зарэгістравана «Расейскае культурна-асьветніцкае таварыства». Сярод іншага, займаецца «прапагандай расейскай культуры і традыцый».

ТБМ, ТБШ і «Бацькаўшчыну» зьліквідавалі

Да 2021 году ў Беларусі некалькі недзяржаўных арганізацый займаліся пашырэньнем беларускай мовы і абаронай яе правоў. Сярод іх Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай школы, Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, беларускі ПЭН-цэнтар.

Таксама за пашырэньне беларускай мовы выступалі шэраг апазыцыйных палітычных партый: БНФ, АГП, БСДП «Грамада», аб’яднаньне «Гавары праўду». Усе гэтыя структуры былі зьліквідаваныя беларускімі ўладамі ў 2021-2023 гадах. Агулам беларускія ўлады зьліквідавалі ці давялі да самаліквідацыі больш як тысячу недзяржаўных арганізацый.

Свабода пагартала сьпісы зарэгістраваных арганізацый, як міжнародных, так і агульнарэспубліканскіх і лякальных. Сярод іх няма ніводнай, якая б займалася пашырэньнем беларускай мовы ці бараніла б правы беларускамоўных грамадзян Беларусі.

У 2021 годзе на беларускай мове ў Беларусі навучаліся 107,6 тысячы школьнікаў, а на расейскай — 949,2 тысячы чалавек. З 2016-га па 2021 колькасьць школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, скарацілася на 16,5%.

«Лукашэнка такое кажа, проста каб спадабалася Расеі»

На думку палітычнага аналітыка і рэдактара «Беларускага штогодніка» Вадзіма Мажэйкі, заявы Лукашэнкі пра абарону расейскай мовы — гэта проста жаданьне дагадзіць Крамлю.

«Лукашэнку напляваць на расейскую мову, беларускую мову і ўсе іншыя мовы. У яго адно жаданьне — захаваньне сваёй улады. У гэтым выпадку магчымасьць падняць пытаньне расейскай мовы — гэта зрабіць прыемнае афіцыйнай Маскве. Пры чым зрабіць гэта, як любіць Лукашэнка, нічога не выдаткоўваючы і нічога не губляючы. У Беларусі і так, відавочна, усё добра з расейскай мовай, праблемы ёсьць зь беларускай», — кажа Вадзім Мажэйка.

Расейская сетка ўплыву асабліва актывізавалася ў Беларусі пасьля 2020 году. Бо так стала выгадна Лукашэнку, мяркуе аналітык.

«У 2020 годзе ўлады пабачылі, што беларускую плынь яны ня могуць кантраляваць, яна небясьпечная для ўлады. Адначасова з гэтым пачаўся вялікі пэрыяд дружбы з Масквой. Па мяккую расейскую сілу сталі зьвяртацца самі ўлады, усе памятаюць журналістаў Russia Today на вуліцах. Ад гэтага Лукашэнку таксама ёсьць небясьпека, бо для яго не існуе бясьпечных грамадзкіх арганізацый, як і бясьпечных мэдыя, калі яны недзяржаўныя. Для гэтых арганізацый ёсьць свае „чырвоныя сьцяжкі“. Ім не даюць рэгістраваць партыі ці нават некаторыя арганізацыі. Іх дзейнасьць спрабуюць кантраляваць, афіляваць са сваімі актывістамі. Мэтады рэпрэсіяй адпрацаваныя, калі трэба, любога рускамірскага актывіста рэпрэсуюць гэтак жа сама, як беларускага», — кажа Вадзім Мажэйка.

На думку экспэрта, уплыў сеткі прарасейскіх арганізацый у Беларусі ня варта перабольшваць. Ён лічыць, што часам іх справаздачы аб дзейнасьці выглядаюць гучней, чым сама дзейнасьць.

«Яны могуць казаць, што ахопліваюць сотні тысяч людзей. Нягледзячы на гэты, вельмі важна не перабольшваць іхнага ўплыву. Ну ходзіць нейкі адзін актывіст з атрыманымі ад Расеі грошамі і нешта муціць, то мы такія ж праекты бачылі прабеларускія, і гэта ня значыла, што яны супэрпасьпяховыя. Гэтыя арганізацыі досыць маргінальныя, так, у іх ёсьць свая аўдыторыя. Прарасейская арганізацыя ладзіць конкурс пра расейскую мову на грошы Масквы. Ну і хай сабе ладзіць. У дасьледаваньнях мы ня бачым, што прарасейскія арыентацыі ў Беларусі моцна расьлі», — даводзіць Вадзім Мажэйка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG