Новая рэдакцыя зацьверджана пастановай праўленьня НБРБ пад № 488 ад 26 сьнежня, 11 студзеня яе афіцыйна апублікаваў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, а з 15 студзеня пастанова набудзе моц. Пастанову падпісаў кіраўнік Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусі Павал Калавур.
Як адзначылі ў прэс-службе Нацбанку, павышаны з 15 тыс. да 25 тыс. базавых велічынь (1 млн рублёў) максымальна магчымы памер запазычанасьці крэдытаатрымальніка ў мікракрэдытах, якія даюцца паводле спрошчанай працэдуры. Гэта зрабілі дзеля павышэньня даступнасьці крэдытных рэсурсаў, у тым ліку для суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
У новай інструкцыі замацавалі, што пры пагаршэньні банкам умоў крэдытнай дамовы крэдытаатрымальнік у такім выпадку павінен выказаць згоду шляхам падпісаньня дадатковага пагадненьня або даць яе іншым спосабам, які прадугледжаны крэдытнай дамовай. Раней банк мог расцаніць маўчаньне за згоду, маючы на гэта законнае права.
Банкі атрымліваюць магчымасьць прыпыніць налічэньне адсоткаў, калі ў адносінах да крэдытаатрымальніка трэцімі асобамі ўчынены ашуканскія дзеяньні пры даваньні крэдыту.
Цяпер пры падпісаньні дадатковага пагадненьня, на падставе якога зьмяншаецца сума плацяжу па ім, могуць не ацэньваць крэдытаздольнасьць фізычнай асобы.
Акрамя таго, банкам забаранілі спаганяць плату за выпісваньне даведкі аб выкананьні абавязаньняў па крэдыце. У сувязі са зьмяненьнем Банкаўскага кодэксу Рэспублікі Беларусь іншыя нормы інструкцыі таксама прыводзяцца ў адпаведнасьць з новымі патрабаваньнямі.