Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: Інфляцыя ў Беларусі за 2023 год склала 5,8%


За студзень — сьнежань 2023 году спажывецкія цэны ў Беларусі вырасьлі на 5,8%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.

За гэты пэрыяд харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 6,8%, нехарчовыя — на 2,9%, паслугі — на 8,1%.

За сьнежань 2023 году спажывецкія цэны вырасьлі на 0,9%. Харчовыя тавары падаражэлі на 1,5%, нехарчовыя — на 0,1%, паслугі — на 0,8%.

Найважнейшыя парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2023 год прадугледжвалі інфляцыю на ўзроўні 7–8%. Прагнозы беларускага ўраду былі нават больш аптымістычнымі: рост коштаў і тарыфаў разьлічвалі ўтрымаць у межах 6%.

10 сакавіка Лукашэнка загадаў ураду любымі спосабамі — «манэтарнымі, рэгулятарнымі, адміністрацыйнымі» — «трымаць калідор» інфляцыі па выніках году «ў раёне 7%». У канцы сьнежня 2023 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што інфляцыя ў Беларусі да канца году не павінна перавысіць 7%.

Экспэрты Сусьветнага банку меркавалі, што ў 2023 годзе інфляцыя ў Беларусі застанецца на ўзроўні двухзначных паказчыкаў і складзе 11%, МВФ прагназаваў рост цэнаў на ўзроўні 7,5%.

2 кастрычніка Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя прагнозныя парамэтры разьвіцьця Беларусі на 2024 год. Паводле іх, інфляцыя сёлета павінна скласьці ня больш за 6%, прырост ВУП павінен скласьці 3,8%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, рэальнага заробку — 3,9%, намінальнага сярэднямесячнага заробку — да 2087 рублёў (у бюджэтным сэктары — 1634).

Эўразійскі банк разьвіцьця прагназуе рост інфляцыі ў Беларусі ў 2024 годзе на 8%, экспэрты Сусьветнага банку — на 8,9% па выніках году, МВФ — на 5,7%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG