Сьцісла:
- Аднаўленчы рост, які адбыўся ў 2023 годзе, ніяк не зьмяняе агульнай эканамічнай карціны.
- Беларусь вяртаецца прыблізна да таго ўзроўню, які быў у 2012 годзе.
- Улады сваімі дзеяньнямі стварылі вялікую інфляцыйную рызыку.
- Пераарыентацыі на новыя рынкі як сыстэмнай зьявы не адбылося.
- Да 90 працэнтаў усяго беларускага экспарту цяпер залежыць ад Расеі.
— Калі гаварыць пра эканамічныя вынікі 2023 году, то можна заўважыць, што на пачатку году незалежныя эканамісты рабілі даволі пэсымістычныя прагнозы. Але сёньня выглядае, што будзе зафіксаваны пэўны рост і ўлады разглядаюць гэта як вялікі посьпех. Чым бы вы патлумачылі наяўнасьць гэтага росту?
— Я б запярэчыў тым, хто заяўляе, што вынікі году неблагія. Яны вельмі супярэчлівыя. Можна сказаць, што вынікі сапраўды лепшыя ў параўнаньні з тым, што чакалася на пачатку году. Але калі ўзьняцца і паглядзець на больш працяглы тэрмін, то гэтыя чаканыя каля 4 працэнтаў росту сёлета на фоне 4,7 працэнта падзеньня ў мінулым 2022 годзе зусім не зьяўляюцца дасягненьнем. Гэта проста вяртаньне прыблізна на ўзровень 2019 году.
Аднаўленчы рост, які адбыўся ў 2023 годзе, ніяк не зьмяняе агульнай шырокай карціны, у якой беларуская эканоміка проста вярнулася да таго стану, у якім была. І далей яе чакае стагнацыя.
Адносны «посьпех» 2023 году тлумачыцца тым, што ўдалося аднавіць экспарт. Найперш гаворка ідзе пра нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні. Гэта стварыла падмурак, на якім можна было стымуляваць унутраны попыт і праводзіць ўнутраную эканамічную палітыку стымуляваньня.
Але трэба разумець, што гэты падмурак вельмі нестабільны. Нельга быць упэўненым, што нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні знайшлі новую ўстойлівую глебу і ўсе інфраструктурныя ланцужкі. І па-другое, нават гэты аднаўленчы рост у другой палове году пачаў затухаць.
Што тычыцца ўзроўню ВУП, то Беларусь проста вяртаецца прыблізна да таго ўзроўню, які быў у 2012 годзе. Калі б мы разьвіваліся дынамічна, то за гэтыя гады ВУП вырас бы на 80 працэнтаў.
— Чым можна патлумачыць такую стратэгічную стагнацыю?
— Прыблізна ў 2012-м скончыўся пэрыяд бурнага росту нулявых, і з тае пары ў цэлым назіраецца стагнацыя.
Што тычыцца заробкаў, то ў 2023-м назіраўся пэўны фэномэн росту даходаў насельніцтва. Тут галоўны чыньнік нават ня рост эканомікі, а істотная міграцыя з краіны. Гэта ставіць працадаўцаў перад выклікам, калі яны вымушаны падвышаць долю выдаткаў на працу. Бо іначай проста ня здолеюць знайсьці працоўныя рукі на ўнутраным рынку.
Што тычыцца доўгатэрміновай пэрспэктывы і адказу на пытаньне «Чаму працягваецца стратэгічная стагнацыя?», то тут нічога новага. І я, і мае калегі, незалежныя эканамісты, увесь час гаворым, што беларускай эканоміцы не хапае стымулаў ствараць нешта новае, заваёўваць новыя рынкі, падвышаць канкурэнтаздольнасьць. Яна існуе ў замкнёным коле. І гэта зусім не навіна.
— Большасьць беларусаў ня ведаюць пра паказьнікі ВУП, а зьвяртаюць увагу найперш на ўзровень заробкаў і курс рубля. Заробкі ў 2023-м расьлі, а рубель заставаўся адносна стабільным — прынамсі, за год упаў ня так значна. Натуральна, што гэта не стратэгічнае рашэньне, а толькі часовае. Але дзе ўлада знаходзіць для гэтага рэзэрвы?
— Бізнэс і нават дзяржаўныя структуры былі вымушаныя падвышаць заробкі, нават насуперак свайму фінансаваму стану. Бо ў іх няма альтэрнатывы. Таксама важную ролю адыграла стымуляваньне ў манэтарнай палітыцы. Замарозіўшы цэны і арыентуючыся на палітычна-папулісцкі заклік, што галоўнае — гэта рост, а на астатняе можна заплюшчыць вочы, улады стварылі вельмі вялікую інфляцыйную рызыку.
Амаль непазьбежны інфляцыйны скачок у будучыні стане расплатай за такую палітыку. Гэта вельмі яскравае сьведчаньне наступстваў прынцыпу: «Не глядзім у заўтра, а жывём толькі сёньняшнім днём».
Што тычыцца заробкаў, то ўплывала і зьмена суадносінаў паміж галінамі. Тыя галіны, у якіх назіраўся рост, тыя ж калійныя ўгнаеньні, нафтаперапрацоўка, дзякуючы станоўчай каньюнктуры рынку паднімалі і заробкі, што паўплывала на сярэдні ўзровень па краіне.
— Адной з тэндэнцыяў году стала пераарыентацыя беларускага экспарту на Ўсход, найперш на Расею. Ці ўдалося Менску знайсьці нейкія новыя рынкі па Поўдні і Ўсходзе, ці ўвесь гэты таваразварот, які зьменшыўся з Захадам, пайшоў пераважна на Расею?
— Пераарыентацыі на новыя рынкі як сыстэмнай зьявы не адбылося. Што яшчэ больш важна, нават той невялікі працэнт экспарту, які ідзе не ў Расею, цяпер у значнай ступені залежыць ад Расеі. Бо калі раней тыя ж нафтапрадукты, чорныя мэталы накіроўваліся ў Эўропу і была задзейнічаная інфраструктура і лягістыка заходніх краінаў, то цяпер Беларусь выкарыстоўвае выключна расейскія транспарт, інфраструктуру і дапаможныя паслугі.
З гэтага гледзішча можна сказаць, што да 90 працэнтаў усяго беларускага экспарту сёньня залежыць ад Расеі. Экспартэры альбо проста ідуць на расейскі рынак, альбо ў іншыя краіны праз расейскую інфраструктуру. Гандлёвая залежнасьць ад Расеі стала проста татальнай. Калі ў Масквы зьявіцца жаданьне выкарыстаць эканамічную залежнасьць у палітычных мэтах, яна можа абваліць беларускую эканоміку вельмі хутка.
Таксама трэба дадаць важны чыньнік залежнасьці ад Расеі, які палягае ў тым, што беларускі экспарт становіцца магчымым дзякуючы нізкім цэнам на энэрганосьбіты для Беларусі. У 2022-м адбылося адраджэньне нафтагазавага гранту, у 2023-м гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася. Расея стала асноўнай крыніцай падтрыманьня беларускай эканомікі.
— Размова пра вынікі году ня можа абысьціся без пытаньня аб прагнозе на наступны год. Я разумею, што шмат акалічнасьцяў, якія немагчыма прадказаць, але тым ня менш, які найбольш верагодны сцэнар?
— Я разумею, што людзі ня любяць словы пра нявызначанасьць, але гэта галоўны чыньнік, які і пасьля ковіду, і пасьля пачатку вайны суправаджае беларускую эканоміку. Мы можам прадбачыць, што можа быць паводле так званага інэрцыйнага сцэнара. Будзе запавольваньне росту — дыяпазон ад нуля да 1 працэнта, то бок фактычна стагнацыя. І гэта пакуль самы імаверны варыянт.
Але я б ня скідваў з рахунку і больш нэгатыўны варыянт. Бо ўсе падмуркі, якія паспрыялі росту ў 2023 годзе, вельмі няўстойлівыя. Ёсьць сумнеў, што Расея будзе паглынаць усе тыя ж аб’ёмы экспарту, як у 2022-2023 гадах, бо канкурэнцыя на яе рынках паскараецца, пераважна дзякуючы Кітаю.
Таксама вельмі важнай характарыстыкай 2024 году будзе інфляцыйны выклік. Ён створаны штучна, і гэта будзе расплата за тую нерацыянальную эканамічную палітыку, якую ўлады праводзілі сёлета, калі імкнуліся любымі сродкамі дасягнуць росту.