Пасьля анэксіі Крыму Севастопаль падпісаў 27 пагадненьняў пра ўзаемадзеяньне з расейскімі заканадаўчымі органамі. Менск стаў першым горадам па-за Расеяй, які падпісаў дамову на ўзроўні гарадзкога савету.
Зь беларускага боку дакумэнт падпісаў старшыня Менскага гарсавету Андрэй Бугроў, ад Севастопаля — старшыня Заканадаўчага сходу гораду Ўладзімір Немцаў, паведамляе ТГ-канал Менскага гарвыканкаму.
Кіраўнік Севастопаля заявіў, што гатовы падзяліцца зь менскімі дэпутатамі «досьведам у заканатворчасьці і прававым рэгуляваньні адносін у грамадзянскай супольнасьці, а таксама ў кірунках патрыятычнага выхаваньня і культурна-гістарычнай спадчыны».
Для Севастопаля ж з боку Менску «інтарэс нясуць пытаньні сацыяльнага характару, разьвіцьцё фэрмэрскіх гаспадарак і кірункі прамысловасьці і сельскай гаспадаркі».
- Раней, у верасьні 2022 году, пагадненьне пра супрацоўніцтва падпісалі кіраўнікі выканаўчай улады Менску і Севастопаля.
- Летась Беларусь была сярод 15 краін, якія прагаласавалі супраць рэзалюцыі «Становішча з правамі чалавека на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, уключаючы Аўтаномную Рэспубліку Крым і горад Севастопаль», прынятай 19 сьнежня Генэральнай Асамблеяй ААН.
- Сёньня на выставе «Расея» ў Маскве на ВДНГ прайшоў Дзень Севастопаля.