Арыштавалі начальніка Івейскай раённай энэргагазінспэкцыі
Начальніка Івейскай раённай энергагазінспэкцыі Горадзенскай вобласьці асудзілі за «экстрэмісцкую» падпіску «УКантакце».
Яго пакаралі 7 днямі адміністрацыйнага арышту і канфіскавалі мабільны тэлефон, піша hrodna.life.
Мужчына віну прызнаў часткова. Ён сказаў, што быў падпісаны на інтэрнэт-рэсурс, але ня ведаў, што ён забаронены і адносіцца да экстрэмісцкіх матэрыялаў.
На гэты момант на афіцыйных сайтах зьвесткі начальніка адсутнічаюць.
Затрымалі ўладальніцу менскага атэлье
Сілавікі затрымалі ўладальніцу атэлье рамонту адзеньня за мэмы ў Instagram, відэа зь ёй апублікаваў праўладны канал.
На відэа затрыманая прадпрымальніца кажа, што брала ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе, а таксама што «ў Instagram выкарыстала мэмы з чорным гумарам, якія адносяцца да ўлады і суседняй дзяржавы», піша Mediazona.by.
Мяркуючы па скрыншотах, прыведзеных у відэа, гаворка ідзе пра жарты з расейскіх вайскоўцаў. На паказаных малюнках відаць, сярод іншага, мужчына ў форме вайскоўца зь літарай Z на грудзях і галавой сьвіньні.
Што цяпер з уладальніцай атэлье, невядома. Аўтары праўладнага канала пішуць, што яна «атрымае 5 гадоў за ўдзел у беспарадках, а ў дачыненьні да яе мэмаў з прыкметамі распальваньня нацыянальнай варожасьці праводзіцца дадатковая праверка».
Жыхарку Жлобіна асудзілі на «хатнюю хімію»
Жыхарку Жлобіна Дар’ю Зенчанку асудзілі на паўтара года абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ («хатнюю хімію»). Яе прызналі вінаватай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Вырак агучыла судзьдзя Сьвятлана Рубахава
9 жніўня 2020 году Зенчанка ўзяла ўдзел у мірным сходзе ў цэнтры Жлобіна. Жанчына прызнала віну і адмовілася сьведчыць на пасяджэньні, піша «Вясна».
Дар’ю затрымлівалі 7 верасьня 2023 году, да суду яна знаходзілася на волі пад асабістым паручальніцтвам.