Заява была зробленая ў адказ на пытаньне аб практыцы «выцісканьняў на польска-беларускай мяжы», якія польскія памежнікі ўжывалі ў адпаведнасьці з распараджэньнем былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Польшчы і адміністрацыі Мацея Вонсіка.
Дональд Туск на гэта адказаў:
«Няма юрыдычнай згоды на так званыя „адцісканьні“, таму што гэта незаконная дзейнасьць, але ёсьць мяжа паміж тым, што зьяўляецца неабходным дзеяньнем памежнай службы, каб перашкодзіць людзям нелегальна перасякаць нашую мяжу, і дзеяньнямі, якія многія палічаць жорсткімі або супрацьзаконнымі», — прыводзіць ягоныя словы Gazeta Wyborcza.
«Мы зробім усё, каб ахова межаў была эфэктыўнай і жорсткай, калі гэта неабходна, і ў той жа час каб не парушаліся асноўныя гуманітарныя правы чалавека. Асабліва калі гаворка ідзе пра самых слабых», — заявіў кіраўнік польскага ўраду.
Таксама Туск заявіў, што будзе шукаць рашэньні, якія будуць аддаваць прыярытэт ахове межаў і разам з тым абмяжуюць «пакуты людзей», у тым ліку тых, хто хоча трапіць у краіну. Пры гэтым ніводнае з такіх рашэньняў «не павінна заахвочваць або палягчаць незаконны ўезд у Польшчу», адзначыў польскі прэм'ер.
Ён заявіў пра намер у бліжэйшы час наведаць усходнюю мяжу, каб пагутарыць, у тым ліку, з прадстаўнікамі польскай памежнай службы.
- З пачатку 2024 году Польшча прадухіліла 23 спробы нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, у 2023 годзе такіх спробаў было 25 571, што ў 1,6 раза перавысіла аналягічны паказчык 2022 году.
- Статыстыка, выведзеная «Позіркам» на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць, што напружанасьць на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу вагаецца, але напрыканцы 2023 году яна прыкметна зьнізілася. Аналягічная тэндэнцыя назіраецца і на пачатку 2024-га.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ пачаўся вясной 2021 году.