Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу, затрымалі чыноўніка на мінулым тыдні. Прычынай сталі «экстрэмісцкія» падпіскі ў сацыяльных сетках. Паводле Free Zhlobin, Ахрэменку прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
Выданьне «Флагшток» патэлефанавала на службовы нумар начальніка аддзелу спорту і турызму Жлобінскага райвыканкаму.
«Яго няма і ня будзе ўжо. Ён не працуе ўжо тут. З пачатку новага году не працуе», — адказалі журналісту выданьня.
Праўда, пакуль з сайту Жлобінскага райвыканкаму ягонае імя не прыбралі.
У 2019 годзе Яўген Ахрэменка займаў пасаду загадчыка сэктару спорту і турызму аддзелу адукацыі, спорту і турызму Жлобінскага райвыканкаму, сама меней у 2021 годзе стаў начальнікам профільнага аддзелу.
Паводле інфармацыі сайта chinovniki.info, у 2019 годзе Ахрэменка быў намесьнікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі ўчастка для галасаваньня № 4 Жлобінскай выбарчай акругі № 40. Ён вылучаўся ад праўладнай Гомельскай абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай згоды, якую ліквідавалі ў 2023 годзе.