Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзед Мароз ці сьвяты Мікалай? Каго беларусы запросяць павіншаваць сваіх дзяцей сёлета


Дзед Мароз і Сьнягурачнка ў Белавескай пушчы, архіўнае фота
Дзед Мароз і Сьнягурачнка ў Белавескай пушчы, архіўнае фота

Набліжаюцца калядныя сьвяты. Для беларусаў гэта зноў нагода паўстаць перад выбарам.

Прарасейская прапагандыстка Вольга Бондарава другі год вядзе барацьбу з Санта-Кляўсам у Беларусі. Яна дасягае пэўных посьпехаў — адмены імпрэз з удзелам гэтага казачнага пэрсанажа. Днямі Бондарава прычапілася да сьнегавіка на менскім Галоўпаштамце з таблічкай Santa stop here («Санта спыняецца тут»). На яе патрабаваньне сьнегавіка прыбралі.

«Санта тут больш не спыняецца. Няма чаго элгэбэтэшных старых падсоўваць нашым дзецям», — выказалася Бондарава.

Летась яна правяла каля 20 «інфармацыйных атак» на Санта-Кляўса напярэдадні сьвятаў, абвінаваціла казачнага пэрсанажа ў «прапагандзе заходніх каштоўнасьцяў» і нават педафіліі.

Тым часам у эмігранцкіх суполках беларусаў разгарэліся спрэчкі вакол Дзеда Мароза. Адны хацелі знайсьці яго ў Варшаве і запрасіць да дзяцей. Іншыя вырашылі, што Дзед Мароз — «савок». Свабода пагутарыла з прыхільнікамі сьвятога Мікалая, адвакатамі Дзеда Мароза, а таксама атрымала тлумачэньне этнографа.

Дзеці верылі і ў сьвятога Мікалая, і ў Дзеда Мароза

Беларуска Натальля жыве ў Польшчы, мае траіх дзяцей. Старэйшыя ўжо студэнты, дачка ходзіць у школу. Паводле польскай традыцыі, сьвяты Мікалай раздае дзецям падарункі 6 сьнежня, на так званыя Мікалайкі.

«Таму, калі польскія дзеці атрымаюць падарункі ў гэты дзень, то і мае ж мусяць. Яны старанна пісалі яму лісты. На Новы год мы звычайна езьдзілі ў Беларусь. Там быў Дзед Мароз і таксама падарункі. Калі дзеці былі малыя, яны верылі ва ўсіх казачных пэрсанажаў», — кажа Натальля.

Яе малодшая дачка ў Польшчы мае дробныя падарункі ад сьвятога Мікалая 6 сьнежня, больш грунтоўныя — на Каляды, 25 сьнежня.

«Ёй розныя пэрсанажы прыносяць падарункі. Летась нават калядныя мышы падарункі прыносілі», — кажа беларуска.

Яна дадала, што дачка пакуль верыць у сьвятога Мікалая і спрачаецца «да сьлёз» з аднаклясьніцамі, якія ня вераць у яго. Натальля лічыць, што Дзеда Мароза «прыдумалі саветы» і варта адыходзіць ад гэтай традыцыі.

«Хай будзе Мікола, Калядны дзядок, хтосьці яшчэ, але не Мароз. Бо ў нашай традыцыі Мароз злосны. На Каляды казалі: Мароз, Мароз, хадзі куцьцю есьці». Гэта пра злоснага Мароза, якога трэба задобрыць, каб ён нас не памарозіў«, — тлумачыць беларуска.

Натальля лічыць, што ў Беларусі дзіцячыя садкі працуюць па савецкіх мэтадычках, таму «там цяжка нешта зьмяніць». Яна дадала, што ў дачкі карэспандэнцыя са сьвятым Мікалаем адбываецца ў два бакі. Як дачка піша яму лісты, так і Мікалай піша ёй адказы.

«На Мікалайкі мы ставім на ноч пернікі і малако для сьвятога Мікалая, каб падсілкаваўся ў дарозе. Ён жа ўсю ноч падарункі разносіць, паесьці няма калі», — дадала беларуска.

Сьвяты Мікалай ад маленства

Андрэй пераехаў за мяжу нядаўна. Ягоны сын вырас у Менску. Дзяцінства Андрэя прайшло пры СССР, таму ён кажа, што навагоднія сьвяты былі зьвязаныя зь Дзедам Марозам. Ні пра якога сьвятога Мікалая ў тыя гады ён ня чуў.

Калі ж ў іх з жонкай нарадзіўся сын, то сужэнцы вырашылі, што ў іх ня будзе ніякага Дзеда Мароза, бо «гэта ня наша гісторыя». Жонка Андрэя пачала арганізоўваць беларускамоўныя ялінкі. Падарункі там уручаў сьвяты Мікалай.

«На першай беларускай ялінцы са сьвятым Мікалаем наш сын быў, калі меў каля году. Гэта была прыватная ініцыятыва жонкі і аднадумцаў. Ялінкі сын наведваў да 8-й клясы», — успамінае Андрэй.

Сьвяткаваньні праводзіліся ў розных месцах Менску, у тым ліку ў кавярнях, на сядзібе Партыі БНФ, у галерэі «Ў». Андрэй кажа, што сын гадаваўся ў беларускамоўных садках і гімназіі.

«У нас з жонкай была такая пазыцыя: хочаш беларускае для дзіцяці — стварай гэта сам. Таму мы чынна ўдзельнічалі ў працы садка і школы. Не стаялі ў позе: „Дайце нам, вы павінны!“, стараліся самі шмат што рабіць», — зазначае беларус.

Натальля вымушана жыве ў эміграцыі з малым сынам. Кажа, што і ў Менску, і за мяжой падарункі для сына прыносіць сьвяты Мікалай, прычым двойчы: 19 сьнежня — гэта «падарунак пад падушку», а 24 сьнежня — «праз вакно».

«Так адбываецца празь мяшанку календароў. Дзеда Мароза мы ня згадваем, пра Зюзю ведаем, але ён да нас не заходзіў», — кажа Натальля.

Адвакаты Дзеда Мароза: «Ён не „савок“, гэта сьвята і цуды для дзяцей»

Аксана жыве ў Беларусі, выхоўвае чацьвярых дзяцей. Яна кажа, што «альтэрнатывы Дзеду Марозу цяпер няма, бо ён усюды».

«У садку, у школе — Дзед Мароз. Я ня супраць гэтага пэрсанажа, але мне асабіста вельмі не падабаецца падманваць дзяцей нават у такой справе. Бо малыя дзеці задаюць шмат пытаньняў: „А дзе ён жыве, як менавіта прыносіць падарункі?“. Не хачу расчароўваць дзяцей, але і выдумляць байкі не люблю. Мне прасьцей было б сказаць, што падарункі ад нас», — кажа Аксана.

Яна дадае, што старэйшы сын (10 гадоў) ужо ня верыць у Дзеда Мароза, але малодшы (4 гады) верыць і чакае ад яго падарункаў на Новы год. Аксана ня лічыць, што Дзед Мароз — гэта праява савецкасьці.

Марыя нядаўна перабралася жыць зь дзецьмі ў Польшчу. Яна рашуча заяўляе, што «Дзед Мароз не „савок“, гэта частка сьвята, цуды для дзяцей».

«Дзеці ў Беларусі хадзілі ў садок і школу. Іхных аднаклясьнікаў віншаваў Дзед Мароз. Я мусіла б дзецям сказаць, што да іх Дзед Мароз ня прыйдзе? Ці што прыйдзе іншы пэрсанаж?» — рытарычна пытаецца яна.

Жанчына дадала, што ў Беларусі яны запрашалі беларускамоўнага Дзеда Мароза і ён вельмі падабаўся дзецям, добра ўпісваўся ў беларускую культуру.

«Калі ты жывеш сам па сабе, то можаш адмовіцца ад Дзеда Мароза. Калі ж ёсьць дзеці, якія чакаюць сьвята, то для чаго адмаўляцца? Трэба ствараць калядны настрой, падладжваць міты і легенды пад сваіх блізкіх. Мы ў дзяцінстве верылі ў Дзеда Мароза. Цяпер бабулі і дзядулі размаўляюць з нашымі дзецьмі, іхнымі ўнукамі пра Дзеда Мароза і падарункі ад яго. Перавучыць бацькоў, забараніць ім ужываць імя Дзеда Мароза? Хай сьвята застанецца сьвятам», — лічыць Марыя.

Яе дзеці ведаюць, што Дзед Мароз існуе і ў Польшчы, проста называецца па-іншаму — сьвяты Мікалай.

Ні Дзеда Мароза, ні сьвятога Мікалая

Натальля жыве ў Беларусі, праводзіць розныя мерапрыемствы для дзяцей. Сама яна вырасла «ў парадыгме Дзеда Мароза і Сьнягуркі», прычым яе бабуля і дзед удзельнічалі ў ранішніках у якасьці казачных герояў.

«Таму я разумела, што Дзед Мароз — гэта пра пераапрананьні, бо гэта быў мой дзед. Але я думала, што ў кожным горадзе свой Дзед Мароз. У маім — мой дзядуля», — кажа Натальля.

Яна зазначае, што расла ў атэістычнай сям’і. Калядаў не адзначалі, толькі Новы год.

«У нас і цяпер у Беларусі паўсюды ў публічнай прасторы Дзед Мароз. Нават у прыватных установах для дзяцей ранішнікі ладзяць не са сьвятым Мікалаем, а зь Дзедам Марозам. Дзеці маіх сяброў, якія пераехалі за мяжу, пішуць лісты ня Дзеду Марозу, а Сант-Міколасу. Іншыя сябры, якія жывуць у Беларусі, „прыхільнікі“ Санта-Кляўса. Бо іх дзеці глядзяць фільмы, мульцікі, зробленыя ў ЗША ці Брытаніі, і там галоўны герой Санта-Кляўс. Таму дзеці вераць у яго», — разважае Натальля.

Сама яна пакуль ня вызначылася з казачным пэрсанажам. Бо хоча дыстанцыявацца ад Дзеда Мароза як ад «савецкай спадчыны». А сьвятога Мікалая «ня хоча», бо ён здаецца рэлігійным пэрсанажам. Натальля ж атэістка.

«Мне бліжэй Калядная зорка. Гэта наш беларускі сымбаль. Гэта не пэрсанаж, але атрыбут народных традыцый, ня толькі хрысьціянскіх, але і паганскіх, сымбаль сьвятла і цуду», — дадала жанчына.

Этнограф: «Разносчыкаў падарункаў у беларускай традыцыйнай культуры не было»

Этнограф і фальклярыст, доктар гістарычных навук Уладзімер Лобач лічыць, што Дзед Мароз і сьвяты Мікалай — «абое рабое, падарункаў яны не прыносілі».

Уладзімер Лобач
Уладзімер Лобач

Што тычыцца «сучасных эмігранцкіх раскладаў», то этнограф мяркуе, што падстаў для «саветызацыі Мароза» няма.

«Мароз прынамсі фігуруе ў абрадавым застольлі, калі яму адкладалі каліва куцьці і прамаўлялі: „Мароз, Мароз, хадзі куцьцю есьці“ ці „Не хадзі па палях — будзе кій па нагах“. Між тым Мікола, хоць і вельмі шанаваны пэрсанаж, увогуле ў каляднай абраднасьці не фігуруе», — тлумачыць экспэрт.

Як лічыць этнограф, у краінах, дзе цяпер жывуць беларусы і дзе няма моцнага марозу, больш арганічна трымацца, напрыклад, эўрапейскага культу Міколы.

«Калі людзей „занесла“ ў Нарвэгію ці Фінляндыю, то чаму б і не Мароз, бо ён рэальна адчуваецца», — кажа Ўладзімер Лобач.

«Такіх разносчыкаў падарункаў для дзетак у беларускай традыцыйнай культуры не было. Падарункі маглі дарыць бацькі, родныя альбо хросныя, бабулі і дзядулі, а ўвогуле гэта ня надта практыкавалася. Сучасны выбар найперш залежыць ад таго, як спрытна бацькі змогуць давесьці легенду пра Мароза ці Мікалая сваім дзеткам. Ну, а тое, што мае землякі любяць сабачыцца паміж сабой з любой нагоды — даўняя і сумная песьня», — дадаў этнограф.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG