Гэта першы са жніўня мінулага году выпадак абмену ваеннапалоннымі паміж дзьвюма краінамі — і самы масавы.
У расейскім вайсковым ведамстве адзначылі, што вяртаньне расейскіх ваеннапалонных стала магчымым дзякуючы пасярэдніцкаму ўдзелу Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
«Усім вызваленым расейскім вайскоўцам аказваецца неабходная мэдычная і псыхалягічная дапамога. Самалётамі вайскова-транспартнай авіяцыі ВКС Расеі вайскоўцы будуць дастаўленыя для праходжаньня лячэньня і рэабілітацыі ў мэдычных установах Мінабароны Расеі», — цытуе «Настоящее время» паведамленьне расейскага вайсковага ведамства.
Зяленскі, у сваю чаргу, заявіў, што сярод вызваленых украінскіх вайскоўцаў — салдаты, сяржанты і афіцэры УСУ, Нацыянальнай гвардыі, Вайскова-марскіх сіл, памежнай службы. Некаторыя зь іх абаранялі Марыюпаль і „Азоўсталь“, адзначыў прэзыдэнт Украіны.
Паводле ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Дзьмітрыя Лубінца, гэты абмен стаў 49-м па ліку, усяго з расейскага палону ўдалося вярнуць 2828 украінскіх вайскоўцаў.
У Каардынацыйным штабе па пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўдакладнілі, што сярод украінскіх палонных, якія вярнуліся, 225 мужчын і пяцёра жанчын. Акрамя вайскоўцаў, расейскі бок перадаў Украіне шасьцярых цывільных асобаў.
„Сярод вернутых былі як тыя, хто меў афіцыйны статус ваеннапалоннага, пацьверджаны праз Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (182 чалавекі), так і ўкраінскія вайскоўцы, якія лічыліся зьніклымі бязь вестак і мелі статус „пошук асобы“ (48 чалавек)», — дадалі ў штабе.
Папярэдні раз Украіна і Расея абмяняліся ваеннапалоннымі на пачатку жніўня 2023 году. Тады дадому вярнуліся 22 украінскія вайскоўцы. З таго часу працэс абмену ваеннапалоннымі прыпыніўся.