Аб часе і месцы пахаваньня Генадзя Буралкіна паведамяць дадаткова, напісаў Беларускі саюз мастакоў.
Генадзь Буралкін нарадзіўся 12 лютага 1942 году ў Ленінагорску (Казахстан) у сям'і ссыльнага зь Беларусі. Вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1970–1976).
З 1980 году сябра Беларускага саюзу мастакоў. З 1990-га па 2001 год быў старшынёй гэтай арганізацыі. У 1997 годзе атрымаў мэдаль Францішска Скарыны.
Генадзь Буралкін быў аўтарам многіх манумэнтальных, станковых і графічных работ.
Сярод асноўных твораў манумэнт шахтарскай славы ў Салігорску (1976), мэмарыяльны знак у гонар 850-годзьдзя Горадні (1978), скульптурныя сэрыі «Скачок» (1998–2000), «Жыцень» (2000), «Берагіня» (2001–2002), «Абліччы камянёў» (2002), «Лель» (2003), станковыя кампазыцыі «Песьня пратэсту» (1977), «Вясна Перамогі» (1978), «Узьяднаньне Усходняй і Заходняй Беларусі» (1979), «Яблынька» (1981), графічныя сэрыі «Славянскія матывы», «Ноч на Івана Купалу», «Раніца» (усе 1995), «Усяночная» (2002), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я гг.), «Памяці В. Хары» (1987), «Музыка» (1990), «Двое», «Сын зямлі» (абодва 1991), «Лясное возера» (1992), «Кастусь Каліноўскі», «Белая Ганча», «Сумненьне» (усе 1993), «Вяртаньне белага анёла», «Сымон-музыка», «Адам і Ева» (усе 1994), «Скачок» (1995), сэрыя «Прысвячэньне Пабла Пікаса» (1996).
Генадзь Буралкін займаўся афармленьнем інтэрʼераў драматычнага тэатра (у суаўтарстве) і Дома грамадзянскіх абрадаў у Горадні (1970-я гг.).
Разам са скульптарам А. Фінскім мастак стварыў скульптурныя кампазыцыі, якія ўпрыгожваюць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балета Рэспублікі Беларусь (архітэктарская задума І.Лангбарда, ажыцьцёўленая праз сем дзесяцігодзьдзяў).
Генадзь Буралкін зьяўляецца аўтарам помніка заснавальніку і першаму вялікаму князю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу ў цэнтры Наваградка, які адкрылі ў 2009-м.
Творы Буралкіна знаходзяцца ў фондах Беларускага саюзу мастакоў, музэях Беларусі і іншых краін, прыватных калекцыях.