Такая лічба называецца ў апублікаванай 27 сьнежня справаздачы арганізацыі аб працы, праведзенай за гэтыя гады.
Згодна з дакумэнтам, у 2021 годзе БФСС правёў 6 навучальна-трэніровачных збораў для падрыхтоўкі «беларускіх свабодных спартоўцаў» да Алімпійскіх гульняў і іншых спартовых падзеяў і прафінансаваў 8 паездак на алімпійскія кваліфікацыйныя спаборніцтвы спартоўцаў, якія ня мелі падтрымкі ад НАК Беларусі і нацыянальных фэдэрацыяў «празь іх грамадзянскую пазыцыю».
Таксама ў справаздачы гаворыцца, што БФСС спрыяў аказаньню «юрыдычнай дапамогі беларускім атлетам, прафэсійным спартоўцам і грамадзкім актывістам», у выніку чаго ім выдалі больш за 200 гуманітарных візаў, а 20 чалавек атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы, Літве, Нямеччыне, Нарвэгіі ды іншых краінах Эўропы.
Фонд накіраваў больш за 100 тысяч эўра на падтрымку ўкраінскіх спартоўцаў, каб «дапамагчы ім працягнуць спартовую кар’еру падчас вайны», а таксама правёў сэрыю аўкцыёнаў «Сусьветны спорт для Ўкраіны», на якіх сабралі больш за 150 тысяч эўра для набыцьця і дастаўкі гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.
Таксама ў рамках сваёй дзейнасьці ў 2020-2023 гадах Фонд арганізаваў 4 дабрачынныя онлайн-забегі «Маратон свабоды», апошні зь якіх сабраў больш за 5000 удзельнікаў з 54 краінаў сьвету, адкрыў Акадэмію БФСС, якую ўжо скончылі больш за 50 студэнтаў, правёў першы ў Беларусі SportTech Hackathon і інш.
Бліжэйшым часам БФСС мае намер апублікаваць фінансавую справаздачу за 2020–2023 гады.
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці быў заснаваны функцыянэрамі і атлетамі ў адказ на падзеі пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі. Фонд займаецца падтрымкай спартоўцаў, якія зазналі палітычны перасьлед, і абаронай іх правоў.
КДБ прызнаў БФСС «экстрэмісцкім фармаваньнем».
26 сьнежня 2022 году Менскі гарадзкі суд у рамках спэцвядзеньня завочна асудзіў на 12 гадоў пазбаўленьня волі сузаснавальнікаў БФСС — трохразовую прызэрку Алімпійскіх гульняў Аляксандру Герасіменю (кіравала фондам да красавіка 2022 году, пакінула яго праз рознагалосьсі з калегамі) і былога дырэктара «Віцязь-Леон» Аляксандра Апейкіна.