Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпроты толькі расейскія». Як падаражэлі «навагоднія» прадукты і колькі каштуе накрыць сьвяточны стол


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Польшчы на сьвяточны стол беларусы трацяць суму, роўную прыкладна 220 рублям, у Беларусі ж — «некалькі соцень».

За год афіцыйна інфляцыя ў Беларусі склала 5,4%. Больш за ўсё падаражэлі харчовыя прадукты. Закрануў рост цэнаў і тыя зь іх, якія беларусы прывыклі купляць на сьвяточны стол. Напрыклад, калі параўноўваць сярэднія сьнежаньскія цэны за мінулы год паводле Белстату і цяперашнія, мандарыны падаражэлі больш як на 10%.

Чырвоная ікра стала даражэйшай на 50% у параўнаньні зь мінулым годам. Сёньня 100 грамаў гэтага ласунку каштуе каля 35 рублёў.

Сьвініна за год падаражэла на 36%, чырвоная рыба на 22%, бульба — на 9,4%. Курыныя яйкі вырасьлі ў цане на 25%, маянэз — на 26%.

«Усе падаражэла на 30-35%»

Што да суб’ектыўных уражаньняў людзей у Беларусі, то суразмоўцы Свабоды кажуць, што сьвяточны стол за год падаражэў на 30-35%. Некаторыя прадукты, такія як рыба ці мяса індычкі, падаражэлі яшчэ больш, сьцьвярджаюць суразмоўцы.

Пры гэтым некаторыя «навагоднія» прадукты, на думку суразмоўцаў, стала складаней адшукаць. Некалькі чалавек таксама расказалі, што на сьвяточны стол пойдзе некалькі соцень рублёў. Гэта традыцыйны стол, дзе ёсьць салаты (аліўе, салат зь пячонкай траскі), нарэзка з гародніны, мясная нарэзка, рыба, індычка, сьвініна, бутэрброды з ікрой і чырвонай рыбай, мандарыны, яблыкі, ласункі да гарбаты.

Яшчэ адна суразмоўца скардзіцца на адсутнасьць і кепскую якасьць некаторых прадуктаў.

«Шпроты танныя, але таму, што толькі расейскія. Наогул усе рыбныя кансэрвы сталі вельмі дрэнныя. Ну як сталі — проста расейскім цяпер ніякай альтэрнатывы няма. Пячонку траскі на салаты цяпер наагул лепш ня браць, яна ўся горкая. Шпроты мінулы раз былі разьлезлыя, проста як калатуша. Чырвоная ікра незразумелая, у аднолькавых зялёных упакоўках, адрозьніваецца толькі цана», — кажа суразмоўца.

Сьвяточны стол у Польшчы — 230 рублёў

Аксана цяпер жыве ў Польшчы. Яны з мужам выхоўваюць траіх малых дзяцей. Беларуска кажа, што стараецца максымальна захаваць сямейныя традыцыі Калядаў. На сьвяточным стале ў сям’і 12 страў.

«З новага, чаго не было ў маёй бабулі, у мяне на стале арэхі, мандарыны, яблыкі, сьвежыя памідоры і гуркі», — кажа Аксана.

Суразмоўца лічыць, што ў польскіх крамах можна купіць практычна ўсё.

«Бракуе звыклага селядца з бочкі, але я яго купляю ва ўкраінскай краме. Бо польскія селядцы з крамы кіслыя, пераважна з воцатам», — кажа беларуска.

Яе стол складаецца з аладак, грыбнога квасу, селядца, таксама селядца «пад шубай», сьвежых агуркоў і памідораў, арэхаў, мандарынаў, кісялю, соку, кашы, сьвежай рыбы, каўбасы, салаты «гарошак».

«Я традыцыйна раблю сама каўбасу, з дробна пасечанага мяса і сала», — кажа Аксана.

Разам усё абышлося ў 270 злотых, ці 223 беларускія рублі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG