У сталіцы Эстоніі прайшла першая Беларуская канфэрэнцыя, арганізаваная Міністэрствам замежных справаў краіны ў супрацоўніцтве з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, эстонскім Інстытутам правоў чалавека і Эўрапейскім фондам дэмакратыі.
На панэлі «Парушэньні правоў чалавека і дасягеньне адказнасьці рэжыму ў Беларусі» выступіла у тым ліку прадстаўніца Праваабарончага цэнтру «Вясна» Натальля Сацункевіч. Яна расказала пра рэпрэсіі ў Беларусі і колькасьць палітзьяволеных.
«1459 палітвязьняў сёньня ў зьняволеньні ў Беларусі. І ячшэ каля 1300 чалавек — гэта былыя палітвязьні, людзі на волі зараз. За кастрычнік беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 30 чалавек, — сказала Натальля Сацукевіч. — Яшчэ 39 чалавекам патрабуецца рэабілітацыя як былым зьняволеным, бо, пакуль яны былі ў зняволеньні, у праваабаронцаў не было інфармацыі пра іх перасьлед».
«Вясна» сачыла і раней за катаваньнямі, адзначыла Натальля Сацукевіч. Але з такім маштабам праваабаронцы сутыкнуліся ўпершыню. «Вясна» праводзіць дакумэнтаваньні тых, хто стаў сьведкай катаваньняў ці сам перажыў гэта.
«За апошнія 15 месяцаў мы задакумэнтавалі амаль 300 чалавек, больш за траціну зь якіх жанчыны. А таксама двое зь іх непаўналетнія, — прывяла статыстыку Натальля Сацункевіч. — Для карыстаньня мы робім транскрыпцыю дакумэнтаваньня, каб інфармацыю можна было аналізаваць і сыстэматызаваць.
Апошнія 15 месяцаў дакумэнтаваньня — гэта 58 746 хвілін, а гэта амаль 1000 гадзін і больш за 40 сутак без перапынку. Мы разумеем, што дакумэнтаваньне — гэта другасная траўматызацыя, таму прапануем людзям псыхалягічную дапамогу. Гэта частка чалавека арыентаванага падыходу. За апошнія 15 месяцаў дапамогай скарысталіся 314 чалавек, зь якіх 204 жанчыны і 110 мужчын».
Сацункевіч паведаміла, што «Вясна» шчыльна працуе з Упраўленьнем Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН, і толькі сёлета перанакіравала да іх на інтэрвію 128 сьведак. Гэта людзі, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі, якія далі згоду пагутарыць зь імі. Апрача таго, УВКПЧ мае доступ да матэрыялаў «Вясны» па гэтых людзях».